З павагай і ўдзячнасцю

75 лет Великой Победе!

Віншаванні з нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі прымае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васілій Рыгоравіч Пасека.

Віншавальную акцыю да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне правялі спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Зразумела, што тым, хто, не шкадуючы сваіх жыццяў, змагаўся за наша мірнае і спакойнае неба, аказваецца разнастайная дапамога і падтрымка, у тым ліку і ў вырашэнні бытавых пытанняў. Але самае важнае для ўдзельнікаў мінулай страшнай вайны – гэта клопат і ўвага.

У чарговы раз прадстаўнікі сацыяльнай службы наведалі кожнага ветэрана, які пражывае на тэрыторыі раёна, і выказалі ім словы ўдзячнасці за праяўленыя гераізм, смеласць і стойкасць, за тое, што яны падарылі нам свабоду і жыццё, прайшлі праз усе жахі вайны, засталіся жывымі і сёння з’яўляюцца героямі з вялікай літары і прыкладам для пераймання для маладога пакалення.

Спецыяліст ТЦСАН уручыў падарунак Мікалаю Рыгоравічу Гарнастаю з вёскі Сакаўшчына.

Супрацоўнікі ТЦСАН уручылі паважаным людзям падарункавыя наборы посуду на 6 персон, якія прадаставіў прытулак для састарэлых людзей і інвалідаў “Сямейны прычал” з вёскі Вайганы, а камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама перадаў ім ахоўныя маскі, што вельмі актуальна ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, звязанай з COVID-19.

На развітанне ветэраны пажадалі жыхарам Валожыншчыны заўсёды цаніць мір, сапраўдных і адданых сяброў, быць сумленнымі і адкрытымі да людзей.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара