На сувязі – 24/7

Безопасность и здоровье Важное

Так, менавіта 24 гадзіны ў суткі і кожны дзень на тыдні працавала і працуе тройка нашых дабравольных валанцёраў, па чыёй ініцыятыве нарадзілася група “Дапаможам медыкам Валожына”, – Аляксей Віршыч, Вераніка Курбаева і Кацярына Надуліна-Згірская.

Штодня яны робяць значную справу: прымаюць людскія ахвяраванні і шматлікія плацежныя пералічэнні, на якія набываюць неабходныя медыцынскаму персаналу рэчы, сродкі індывідуальнай абароны. Раз у дзень стараюцца даставіць сабраны груз у бальніцу. А яшчэ манітораць і манітораць у пошуках тых жа рэспіратараў, бескантактных тэрмометраў, пульсаксіметраў і многага іншага. Не падлічыць, колькі часу адымаюць таксама тэлефонныя званкі. А ў кожнага з іх ёсць і асноўная работа, і сем’і.

Не перабольшу, калі скажу, што на дадзеным этапе нашы медыкі забяспечаны ўсім неабходным для работы і сродкамі абароны. Вядзецца пошук спецтканіны, з якой вызваліся пашыць медыцынскія касцюмы будучыя швачкі Валожынскага ліцэя і іх выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. Сёння галоўнае – нават не набыць неабходнае, а дамовіцца на пастаўку і зрабіць перадаплату. Бо ўсе мы разумеем, што гэта патрэбна не толькі валожынскім медыкам, а і іх калегам па ўсёй краіне. Валанцёры сказалі, што па многіх пазіцыях мы апярэджваем сталічныя медыцынскія ўстановы. А гэта значыць: малайцы ўсе мы за тое, што сабралі патрэбныя сумы грошай. Пералічэнні працягваюць паступаць штодня.

На гэтым тыдні зрабілі перадаплату за бактэрыцыдныя лямпы, аплацілі 10 пульсаксіметраў, якія будуць перададзены таксама і ў аддзяленні хуткай дапамогі Ракава і Івянца. Чакаюцца 2 бескантактныя тэрмометры, што паабяцалі набыць індывідуальныя прадпрымальнікі. А яшчэ купілі насценныя гадзіннікі, якія будуць павешаны ў месцах, дзе пераапранаецца медперсанал. І спіс гэты можна працягваць. Перадаў 350 рублёў калектыў гімназіі № 1, дастаткова многа загойваючага крэму для рук даставілі кансультанты і кліенты кампаніі “Мэры Кэй”. Вельмі дарэчы прыйшліся ў аддзяленні рэанімацыі фартухі, пашытыя настаўнікам працы гімназіі Наталляй Леанідаўнай Кузаўлёвай. Зноў жа папрашу прабачэння, што не маю магчымасці пералічыць усіх пайменна людзей, што перадалі пэўныя сумы грошай. Без дапамогі кожнага з нас немагчыма было б закупіць столькі ўсяго неабходнага. Дзякуй і тым, хто ўжо некалькі разоў дадумаўся зрабіць пералічэнні на мабільныя тэлефоны валанцёраў. Гэта таксама дапамога.

Р. S. Калі валанцёры могуць зрабіць нейчы дзень лепшым, яны гэта зробяць. Дадумаліся павіншаваць ад усіх з днём нараджэння Марыну, што дала штуршок нашаму руху, стала першай, а цяпер сама працуе на перадавой. І думаю, што ў маладой жанчыны не было лепшага ў жыцці дня нараджэння (як бы абсурдна гэта не гучала!), бо атрымала яна столькі станоўчых эмоцый, шчырых слоў віншавання і пажаданняў ад удзельнікаў групы. А як ведаем: кожная думка матэрыяльная! Будзем усе здаровыя! І, як цяпер прынята жадаць, – 36,6 кожнаму!

Наталля ШТЭЙНЕР