У цэнтры кіпіць работа

Общество

Пад эгідай грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” распачата дабрачынная акцыя “Марафон падтрымкі”. У ёй ужо прынялі ўдзел жыхаркі нашага раёна – актывісткі руху, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведвальніцы аддзялення для пажылых людзей ТЦСАН. Пакуль імі сабрана амаль 300 рублёў, якія будуць пералічаны на рахунак рэспубліканскай арганізацыі.

Як адзначыла лідар грамадскага аб’яднання, дырэктар цэнтра Галіна Рай, да добрай справы можа далучыцца кожны жыхар раёна. На сабраныя сродкі ў хуткім часе плануецца закупіць неабходныя рэчы для ўстаноў аховы здароўя, дзе аказваюць дапамогу людзям з каранавіруснай інфекцыяй.

Не застаюцца ўбаку ад дабрачыннай дзейнасці і актывісткі клубаў “Лэдзі” і “Залатая восень”. Паважаныя жанчыны за ўласныя грошы набылі для медыкаў і пацыентаў аддзялення райбальніцы, у якім лечацца захварэўшыя на COVID-19, тавары асабістай гігіены, каву, чай, пітную ваду, салодкія прысмакі і інш.

У аддзяленні дзённага наведвання людзей з інваліднасцю таксама кіпіць работа – тут вырабляюцца маскі для сацыяльных работнікаў і іх падапечных. Пад кіраўніцтвам Ларысы Мытнік работнікамі аддзялення ствараюцца ў дзень не менш за 50 вырабаў.

Супрацоўнікі аддзяленняў для пажылых людзей і псіхалагічнай дапамогі цэнтра напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі вырашылі маральна падтрымаць жанчын-удзельніц праекта “Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей г. Валожына і Валожынскага раёна” і наведвальніц аддзялення для пажылых людзей. Кіраўнік аддзялення Ірына Кавяза паведаміла, што кожнай  з іх накіруюць ліст з цёплымі словамі. Да таго ж у канверт пакладуць пакецік з насеннем кветак. Назва ўказвацца не будзе. Даведацца, што за сюрпрыз дастаўся канкрэтнаму адрасату, можна будзе толькі пасля таго, як расліна вырасце.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ