Ушануем айбалітаў

Молодежный курьер

Міжнародны дзень ветэрынарнага ўрача адзначаецца штогод у апошнюю суботу красавіка. Сёлета ён прыпадае на 25 красавіка і праходзіць у 20-ы раз. Вызначыць такое свята ў календары ініцыіравала Сусветная ветэрынарная асацыяцыя з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на здароўе жывёлы, важнасць своечасовай тэрапіі захворванняў.

Вобраз ветэрынарнага ўрача склаўся ў нашым уяўленні ў многім дзякуючы літаратурнаму дзіваку – доктару Айбаліту. Гістарычнай радзімай ветэрынарыі лічыцца Францыя. У XVIII стагоддзі ў Лівоне адкрылася першая школа для ўрачоў, якія лячылі жывёлу. Яе заснаваў Людовік XV, каб спыніць хваробы, што знішчалі вялікую колькасць хатняй скаціны.

Сёння ветэрынарныя ўрачы працуюць на ветстанцыях, у сельскай гаспадарцы, у заапарках, у ветэрынарных клініках – паўсюдна, дзе можа ўзнікнуць неабходнасць у медыцынскай дапамозе для жывёлы.

Ветэрынарны ўрач-гінеколаг ДУ “Валожынская раённая ветэрынарная станцыя” Павел ТАНЮКЕВІЧ па выніках работы за мінулы год названы лепшым маладым спецыялістам сельскагаспадарчай вытворчасці і яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. У калектыве ён самы малады работнік і ўсяго за год працы змог праявіць сябе і паказаць, на што здольны.

Пад пільным вокам ветурача знаходзіцца амаль увесь малочны статак раёна, а гэта каля 10 тысяч галоў: за месяц ён абследуе да 1,5 тысячы дойнага пагалоўя. У арсенале доктара – сучасныя апараты ультрагукавой дыягностыкі, дзякуючы якім можна вызначыць сцельнасць кароў, выявіць гінекалагічныя захворванні. Практычныя веды дапамагаюць атрымліваць неабходныя навыкі ў рабоце: кожны дзень Павел Генадзьевіч многае пазнае, набіраецца вопыту. Адначасова павышае і прафесійны ўзровень – завочна вучыцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

Яго цэняць у раёне – выдаткавалі арэнднае жыллё. У лютым гэтага года ў жыцці маладога чалавека адбылася лёсаносная падзея – стварылася сям’я. Будзем спадзявацца, што яна моцна пусціць карані менавіта на сваёй маленькай радзіме – Валожыншчыне, якая ўмее паважаць працу кожнага, хто стараецца і робіць ад душы.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА