ЦЭХ ПА ВЫТВОРЧАСЦІ МАЛОЧНАЙ ПРАДУКЦЫІ АДКРЫТЫ Ў ВАЛОЖЫНЕ

Официально

Сучасны цэх па вытворчасці сухой экспартаарыентаванай малочнай прадукцыі адкрыты ў валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. У гэтым мерапрыемстве прыняў удзел і старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Васільевіч БАТУРА.

Наш малочны завод лічыцца адным са старэйшых прадпрыемстваў рэспублікі. За сваю 70 гадовую гісторыю перажыў не адну буйную рэканструкцыю. І кожная была значнай вяхой у яго вытворчай біяграфіі. Аднак апошнія пераўтварэнні  сталі самымі маштабнымі, бо яны праведзены на падставе інавацыйных распрацовак. У 2006 годзе тут завершана пераабсталяванне сыраробнага цэха і цэха па вытворчасці тварагу. Праект абышоўся ў 1,2 мільёна еўра.

Наступным этапам мадэрнізацыі стала рэканструкцыя цэха па выпуску сухіх абястлушчаных малака і сыроваткі. Ажыццяўляўся праект згодна з рэспубліканскімі Праграмамі развіцця малочнай галіны на 2005-2010 гады і Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця. Фінансаваліся работы па лініі льготных крэдытных рэсурсаў, выдзеленых згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 313 і за кошт уласных сродкаў прадпрыемства.

У рамках важнейшых інавацыйных праектаў у Мінскай вобласці ў 2008 годзе ўзведзены цэх у Беразіно, у лістападзе 2010 года – у Капылі. Наступным стаў валожынскі. Завяршыцца ж буйнамаштабны праект у нашай вобласці мадэрнізацыяй малаказавода ў Слуцку.

У час урачыстага запуску ў работу новага цэха ў валожынскім філіяле ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” Б. В. Батура зазначыў:

– На чарговым Усебеларускім народным сходзе ў ліку іншых быў названы і такі прыярытэт, як развіццё беларускай эканомікі. Таму неабходна  нарошчваць вытворчую магутнасць, паляпшаць якасныя характарыстыкі выпускаемай прадукцыі, павышаць агульную культуру вытворчасці.

На валожынскім прадпрыемстве паспяхова ўкаранёны праект інавацыйных тэхналогій перапрацоўкі малака. У вобласці пастаўлена задача стварыць у гэтым годзе не менш за 28 тысяч рабочых месцаў з прадукцыйнасцю каля 60 тысяч долараў ЗША ў год на аднаго працуючага. У  валожынскім  цэху выпрацоўка ці прадукцыйнасць павінны скласці каля 100 тысяч долараў. Каля сотні рабочых месцаў будуць задзейнічаны ў новым цэху. Мы павінны ў вобласці як мага больш уводзіць падобных прадпрыемстваў, актыўна працаваць з інвестарамі. Рэканструкцыя малочнай і мяса-малочнай галіны ў сталічным рэгіёне будзе праводзіцца да канца года.

Барыс Васільевіч, звяртаючыся да членаў працоўнага калектыву прадпрыемства, выказаў упэўненасць, што вытворцы справяцца з тымі задачамі, якія перад імі пастаўлены. У ліку такіх задач і рост валютнай выручкі. Каля 60 працэнтаў аб’ёму вытворчасці будзе зарыентавана на экспарт, бо гэта вельмі важна для нашай краіны і асабліва ў цяперашні няпросты час.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий