Акно ў прыроду

Кругозор

Працягваем рубрыку “Акно ў прыроду” на 2020 год. Штомесячна будзем друкаваць матэрыялы аб назіранні прыродных з’яў, згодна з народнымі прыкметамі, па якіх можна прадказаць надвор’е: якой будзе наступная пара года, якім будзе ўраджай пладоў і ягад, грыбоў. Пазнаёмімся з ягадным і грыбным календарамі. Раскажам цікавыя звесткі пра тую ці іншую расліну, па якой можна прадказаць стан надвор’я на бліжэйшыя дні. Карыснымі будуць парады садаводу і агародніку.

 

КРАСАВІК

Красавік – сярэдзіна вясны. Сонца ўздымаецца ўсё вышэй і вышэй, дні становяцца цяплей і цяплей. Па жылах дрэў бяжыць першы ток жыцця – пачынаецца рух соку. Пупышкі набракаюць і дзе-нідзе непрыкметна распускаюць свае пяшчотныя лісточкі. На голых галінках вярбы з’яўляюцца жоўта-зялёныя “коцікі”. Над імі нясмела гудуць яшчэ неакрэплыя пасля зімы пчолы. Луг паступова набывае ізумрудна-зялёны колер, там-сям бачны першыя кветкі. Уся прырода адчувае на сабе жыватворнае ўздзеянне юнай вясны. З выраю вяртаюцца птушкі.

 

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

САДАВОДУ

    У красавіку дрэвы ажываюць, пачынаюць вегетацыю. Таму трэба неадкладна вызваліць іх ад абвязачнага матэрыялу, абчысціць кару на ствалах і вялікіх суках, пабяліць штамбы. Глебу неабходна ўзрыхліць, унесці перад гэтым вадкія арганічныя і мінеральныя ўгнаенні – спачатку на прыствольных кругах, а затым на астатняй плошчы саду.

Красавік найбольш падыходзіць для пасадкі саджанцаў: капаюць пасадачныя ямкі, пакідаюць іх на тыдзень для прагрэву. Пасля пасадкі саджанцы паліваюць (вядро вады на 3-4 дрэўцы), падразаюць верхавіны і пры неабходнасці падкарочваюць верхнія бакавыя сучкі. Саджанцы маліны ўкарочваюць на вышыні 40 сантыметраў, парэчак і агрэсту – 15-25 сантыметраў.

Пладовыя дрэвы і кусты апырскваюць супраць хвароб і шкоднікаў рознымі расліннымі прэпаратамі – настоямі і адварамі. На штамбы яблыні і грушы накладваюць лоўчыя паясы з гафрыраванай паперы, мешкавіны альбо саломы. Пояс трэба прамачыць растворам карбафосу або дазволенымі для выкарыстання на прысядзібных участках іншымі прэпаратамі ў разліку 100 грамаў на 10 літраў вады. Пасля таго, як дрэвы адцвітуць, паясы здымаюць і спальваюць.

АГАРОДНІКУ

Па-першае, агародніку неабходна ўважліва ўлічваць стан надвор’я ў красавіку – цёплае перамяжоўваецца з халодным. У сувязі з гэтым тэрміны работ могуць пераносіцца на 10-15 дзён, а бывае і на май. Многае залежыць ад віду і стану глебы.

На падсохлых участках глебу барануюць, ачышчаюць ад карэнняў і ўносяць угнаенні: 10-15 грамаў аміячнай салетры і 15-20 – хлорыстага калію і простага суперфасфату на квадратны метр. Можна выкарыстоўваць перагной, кампосты, драўняны попел.

У сярэдзіне месяца або ў другой палове на агародзе сеюць радыску, моркву, рэпу, рэдзьку, салату, пятрушку, кроп, гарох і іншыя холадаўстойлівыя культуры. Буракі сеюць толькі ў добра прагрэтую глебу, таксама разам з імі ў адкрыты грунт можна высаджваць расаду ранніх сартоў капусты, цыбулю.

У канцы красавіка-пачатку мая здымаюць мульчу са шматгадовай агародніны (шчаўе, рэвень, цыбуля), а калі яе няма – то сеюць цяпер, падкормліваюць расліны. Участкі зямлі да з’яўлення ўсходаў або пасля іх раніцай, па расе, апыльваюць тытунёвым пылам, попелам ці вапнай у сумесі з попелам (1:1), каб папярэдзіць або знішчыць агародную блошку і іншых шкоднікаў.

У канцы красавіка высаджваюць яравізаваную (прарослую) бульбу і караняплоды.

 

 

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

НА ЗАЎТРА

Раніцай было пахмурнае надвор’е, а пад поўдзень неба праяснілася і на ім з’явіліся высокія кучавыя воблакі – будзе добрае сонечнае надвор’е. Сонца заходзіць у чырвоную зару, якая пераліваецца рознымі адценнямі, – чакаецца моцны вецер, а магчыма і дождж. Адразу ж пасля дажджу захаладала – неўзабаве будзе добрае надвор’е, пацяплела – усталюецца дрэннае надвор’е.

Вераб’і сядзяць натапыраныя, быццам чакаюць кагосьці – хутка пойдзе дождж, а магчыма і снег, пералятаюць з месца на месца – перад моцным ветрам.

НА БОЛЬШ ПРАЦЯГЛЫ ЧАС

На лузе, на лясных палянах і сярод кустоў распусціліся залаціста-жоўтыя званочкі першацвету – наступяць першыя цёплыя дні.

Шпакі і жаваранкі прыляцелі рана – будзе ранняя і цёплая вясна. Калі гусі, якія вяртаюцца з выраю, ляцяць высока над зямлёй – вады будзе шмат, а калі нізка – будзе засуха. Птушкі прыляцелі з выраю і доўга маўчаць – вясна будзе халодная. Халодную вясну прадвяшчае і позні прылёт ластавак. Ранні вылет пчол – прыкмета наступлення ранняй і цёплай вясны.

Цячэ многа соку ў бярозы – лета будзе дажджлівае. На бярозе раней, чым на алешыне, утварылася лісце – лета будзе сонечнае, а калі алешына раней за бярозу распусцілася – халады і дажджы замучаюць. Пачаўся рух соку ў клёна і іншых дрэў – наступіць цёплае надвор’е.

 

 

ЗГОДНА З ДАТАМІ НАРОДНАГА КАЛЕНДАРА

Веснавыя прыкметы на час пасеву зерневых культур і пасадкі караняплодаў: “Сей авёс, як камары з’явяцца”; “Цвіце дзьмухавец ці каліна – без ваганняў сей ячмень”; “Распусцілася чаромха – сей пшаніцу”; “Зацвіла сліва ці груша – садзі бульбу”.

5/23. Арына (Ірына). “На Арыну сей капусту ў расадніках на расаду”.

7/25. Благавешчанне. Наступны дзень за Благавешчаннем – Благуста. “На Благусту – сей капусту”.

14/1. Мар’я. Назіралі за разводдзем: якое разводдзе – такая і трава. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то лічылася, што суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

24/11. Анціп. Існавала такая прыкмета: як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я (6 мая) на “голы” лес, не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла.

25/12. Марк. “Дождж на Марка – зямля, як скварка”.

 

ВЯДОМАЕ І НЕВЯДОМАЕ ПРА БЯРОЗУ

Усім добра вядома беластволая прыгажуня нашых лясоў – бяроза. Колькі вобразаў і параўнанняў складзена ў народных паданнях, легендах, казках, песнях, у творах беларускіх пісьменнікаў. А колькі назваў рэк, азёр, населеных пунктаў, прозвішчаў у людзей звязана з гэтым дрэвам. У народзе прыгожых дзяўчат і маладых жанчын за іх стан параўноўвалі з бярозай і казалі: “Прыгожая, стройная, гнуткая, як бярозка”.

З даўніх часоў бяроза лічылася сімвалам усяго самага светлага, увасабляла прыгажосць, маладосць, Радзіму. На тэрыторыі былога СССР на сутыкненні межаў Расіі, Латвіі, Беларусі ў Прошкаўскім бары ўзвышаўся вялікі “Курган дружбы”. Да яго праз лес пралягалі тры дарогі. Два бакі дарогі з рускага боку былі насаджаны клёнамі, з латышскага – ліпамі, з беларускага – бярозамі. Як сімвал жыцця зелянеюць тры бярозкі ў Хатыні.

Бярозавы гай прыгожы ў любую пару года – асабліва вясной з шаўкавіста-аксамітнымі, летам – зялёна-атласнымі, восенню – жоўта-залатымі лісточкамі. Якая прыгажосць вее ў час цвіцення бярозы: яе прадаўгаватыя светла-карычневыя, зеленавата-жаўтаватыя завушнічкі на фоне маладой зялёнай лістоты пры подыху ветрыка ствараюць вобразы казачнага дывана-паветралёта. У такім бярозавым гаі лёгка дыхаецца, з’яўляецца бадзёрасць, уздымаецца настрой. У народзе казалі: “Калі хочаш папрацаваць – ідзі ў яловы лес, калі хочаш памаліцца – у хваёвы, калі хочаш павесяліцца – у бярозавы, а калі сам не ведаеш, чаго хочаш, – ідзі ў мяшаны лес”.

У Беларусі вядомы толькі чатыры віды бярозы: павіслая (бародаўчатая), пушыстая, нізкая і карлікавая. Найбольш распаўсюджаная – бяроза павіслая, ці, як называюць у народзе, ніцая. Белы колер ствала бярозы залежыць ад наяўнасці ў кары такога рэчыва, як бетулін. Ад колькасці яго ўтрымання ў кары дрэва можа мяняць свае адценні. Колер ствала можа быць жаўтавата-вішнёвым, карычневым, цёмна-шэрым, нават і чорным. Усім добра вядомы выраз: “Чорная бяроза”. Часцей за ўсё ў лесе мы можам сустрэць карычневую ці жоўтую бярозу. Мяняецца і сама структура драўніны. Яна можа быць белай, жаўтаватай, чырванаватай, светла-карычневай – гэта залежыць ад узросту дрэва, месцаў прарастання і глебы.

Зрэдку ў нашых лясах можна знайсці так званую карэльскую бярозу – беларусы называюць чачоткай. Такая бяроза непрыкметная з выгляду: кроны ў яе амаль што няма, уся кара ў трэшчынах і наплывах, расце яна ў адзіноцтве сярод змешанага лесу.

Паскорана бяроза расце да 25 гадоў, затым рост запавольваецца. У гэтыя гады бяроза дае мноства насення, дзякуючы якому яна паўсюдна рассяваецца. Найбольш прадукцыйныя бярозавыя лясы ва ўзросце 70-80 гадоў. Таўшчыня ствалоў у некаторых дрэў можа дасягаць да 80 сантыметраў, а вышыня – да 35 метраў.

Бяроза – дрэва лячэбнае. Усім добра вядомы лазневы бярозавы венік, лісты якога ўтрымліваюць мноства флаванідаў – вельмі актыўных біялагічных рэчываў, а таксама эфірныя алеі. Вельмі карысныя бярозавыя пупышкі: калі пачне прыпякаць сонца, яны выдзяляюць амаль непрыкметныя смалістыя пахуча-духмяныя кроплі. З іх пчолы рыхтуюць знакаміты пропаліс – карысны як для саміх пчол, так і для чалавека. Добра вядомы бярозавы грыб чага: ён пашырана выкарыстоўваецца як лячэбны сродак. Яшчэ адзін важны бярозавы матэрыял – дзёгаць, які атрымлівалі з бяросты. Дзёгаць ачышчаны (перагнаны) уваходзіць у састаў многіх знакамітых мазей: Вішнеўскага, Вікельсона, Канькова.

Такім чынам, бяроза не толькі ўпрыгожвае прыроду, але і бясцэнна служыць на карысць чалавеку.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў