Закладка новага лесу

Важное Культура

Паўтара гектара пасаджанага маладзенькага лесу і 80 развешаных шпакоўняў – такі ўклад у аднаўленне жывой прыроды Валожыншчыны зрабіла таварыства джыпераў.

Актыўныя людзі заўсёды знойдуць для сябе карысны занятак. Аб гэтым яскрава сведчыць добрая справа, да якой далучыліся аматары хуткай язды. Падчас правядзення традыцыйнага Тыдня лесу актывіст джыпераў Дзмітрый Рубацкі звярнуўся ў ДЛГУ “Валожынскі лясгас”, каб прыняць удзел у агульнарэспубліканскай акцыі. І ў апошнюю суботу сакавіка яны разам са школьнікамі Сакаўшчынскай і Пяршайскай школ, работнікамі лясгаса (усяго больш за 120 чалавек) высадзілі каля 50 тысяч дрэў. А ўвогуле новае “месцажыхарства” за час правядзення мерапрыемства займелі 92 тысячы дрэў. Маладыя саджанцы сасны, елкі, бярозы размясціліся на дзялянках агульнай плошчай 13,6 гектара ў Румскім, Валожынскім, Пяршайскім і Ракаўскім лясніцтвах.

Праца на свежым паветры настолькі спадабалася сталічным жыхарам, што яны “напрасіліся” на работу ў другі раз. І завіталі сем’ямі на 14 пазадарожніках. Ім даверылі не менш карысную справу – развесіць шпакоўні. У выніку 80 новых хатак для птушак з’явіліся на дрэвах у Румскім лясніцтве.

Наш кар.