Навіны мінулага тыдня

Общество

У раёне функцыянуюць 3 дзіцячыя і маладзёжныя аб’яднанні: РА ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», ГА «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», «Беларуская маладзёжная арганізацыя выратавальнікаў-пажарных», а таксама 21 атрад юных інспектараў дарожнага руху. Іх узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі забяспечвае каардынацыйны савет па справах моладзі райвыканкама.

Каманда юнакоў СШ № 2 райцэнтра – членаў маладзёжнай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных – прыняла ўдзел у чэмпіянаце вобласці па пажарнаму спорту. Сёлета яны значна палепшылі свой вынік, спусціўшыся з 18-й пазіцыі на 13-ю ў агульнакамандным заліку. А ў першым этапе – пераадоленне стометровай паласы з перашкодамі – былі шостыя.

На геабазе Белдзяржуніверсітэта ў Калдыках зараз праходзяць практыку 100 студэнтаў-другакурснікаў. Іх задача на летні семестр – прааналізаваць і даследаваць геахарактарыстыкі Заходняй Бярэзіны. Сёлета гэта ўжо не першы “навуковы” дэсант на Валожыншчыну, у маі тут прайшлі практычныя семінары для першакурснікаў.

Чарговы выпадак шаленства зарэгістраваны ў вёсцы Кульшычы Івянецкага сельсавета. ДУ “Валожынская райветстанцыя” правядзе вакцынацыю сабак і катоў жыхароў гэтай вёскі, а раённы савет беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў атрымаў даручэнне арганізаваць адстрэл дзікіх жывёл і ліс з прыкметамі небяспечнага захворвання.

На Мядзельшчыне прайшла 6-я абласная спартакіяда работнікаў жыллёва-камунальных гаспадарак. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 32 каманды. У агульным заліку прадстаўнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” трапілі ў дзесятку мацнейшых. Асабліва паспяхова выступіла каманда ў такіх відах спорту, як гіравы, шашкі, шахматы і бег.

Да 90-годдзя ўтварэння прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў Стоўбцах прайшлі спаборніцтвы мужчынскіх і жаночых баскетбольных каманд з Валожынскага, Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў, у склад якіх увайшлі настаўнікі і выхавацелі. Мужчынская каманда з Валожыншчыны заслужыла асобых апладысментаў за перамогу над лідарам – стаўбцоўцамі.

 

На першынстве рэспублікі па лёгкай атлетыцы, якое нядаўна прайшло ў Мінску, у складзе зборнай вобласці ўпершыню выступіла і наша юная зямлячка – івянчанка Дзіяна Сакалоўская. У бегу на дыстанцыі 2000 метраў спартсменка ўстанавіла свой асабісты рэкорд і паклала заліковыя балы ў скарбонку ўсёй каманды.

 



Добавить комментарий