Прэзідэнт арыентуе рэгіёны на прапрацоўку рынкаў для збыту выпускаемай прадукцыі

Главное

Згодна з інфармацыяй БелТА, кіраўнік дзяржавы абляцеў раён на верталёце, азнаёміўся з ходам палявых работ і пасля прыбыцця пацікавіўся, як у цэлым ідзе сяўба ў Гомельскай вобласці. Аб прамежкавых выніках яго праінфармаваў губернатар Генадзь Салавей. Паводле яго слоў, усе работы ідуць згодна з планам, пасяўная павінна завяршыцца да 9 мая.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся сацыяльна-эканамічным развіццём Гомельскай вобласці. «Калі вы выйдзеце хаця б у нуль? Ты нават не думай, што мы павінны з-за нейкіх псіхозаў або пандэмій, эпідэмій скараціць вытворчасць. Гэта выключана. Іншага не дадзена, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы будзеце сядзець: «Вось пандэмія, дайце нам грошай»… Ніхто не дасць — гэта пахаваць грошы. Вы прапрацоўвайце рынкі па ўсіх напрамках — пачынаючы ад фарфоравага завода і заканчваючы «Гомсельмашам».

Губернатар растлумачыў, што ўсе праблемы ў асноўным датычацца экспартных паставак, якія пасля ўсплёску пандэміі спыніліся з-за закрыцця граніц у іншых краінах. Цяпер прадпрыемствы працуюць на ўнутраны рынак. «Дамаўляйцеся, калі адновіцца ўся лагістыка і пачнуць працаваць суседзі. Калі ў вас будуць кантракты на пастаўку пасля пандэміі, мы будзем думаць, як вам дапамагчы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы стан спраў у раёне, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай саўгаса-камбіната «Зара». Як расказалі Прэзідэнту, гэта самае эфектыўнае сельгаспрадпрыемства ў вобласці. Яно мае ўласныя ўчасткі па вырабе камбікармоў, перапрацоўцы жывёлы і птушкі, малака. Завяршальнае звяно ў гаспадарчым ланцужку — фірменны гандаль. За студзень-сакавік прадпрыемства выручыла Br17 млн, рэнтабельнасць продажаў склала 11,6 працэнта. Сярэдняя зарплата работнікаў у саўгасе за гэты перыяд дасягнула амаль Br1,4 тыс.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з тэхнікай, якая ёсць на балансе прадпрыемства, і пацікавіўся ў механізатараў асаблівасцямі работы на некаторых машынах. У прыватнасці, яго зацікавілі трактары на гусенічным хаду. Як растлумачылі Прэзідэнту, стан глебы не дазваляе тут выкарыстоўваць колавую тэхніку. «Я за тое, каб у нас у кожнай гаспадарцы было па два трактары на гусеніцах. Гэта вялікая справа: можна ў любы час араць, любыя работы праводзіць. Мы дарэмна выкінулі гусенічную тэхніку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — З патоку вытворчасць гусенічнага трактара здымаць нельга. Гэта наш паратунак. У Віцебскай, Мінскай вобласці шмат забалочаных зямель. Ды ў любой вобласці хапае, нават на поўдні».

Прэзідэнту таксама паказалі новую малочнатаварную ферму. Яна разлічана на 550 галоў дойных кароў і 700 галоў маладняку ў аграгарадку. Будаўніцтва фермы пачалося ў 2018 годзе. Для гэтага вырашылі рэканструяваць былы свінакомплекс. На фінансаванне праекта выдзелілі ў тым ліку сродкі, накіраваныя на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Першы пускавы комплекс ужо ўведзены ў эксплуатацыю: узведзены два памяшканні для ўтрымання дойнага статка па 128 галоў кожны, будынак радзільнага аддзялення з цэхам сухастою, цялятнік на 150 галоў, два сіласна-сянажныя сховішчы, пляцоўкі часовага захоўвання гною, энерга- і водазабеспячэння, устройства агароджвання. Сума ўкладанняў перасягнула Br18,3 млн. На будаўніцтва другога пускавога комплексу выдзелена Br3 млн, ён гатовы на 85 працэнтаў. Аб’ект уключае ў сябе два памяшканні пад дойны статак, цялятнік для маладняку, сховішча і склад для кармоў, дарогі, інжынерныя аб’екты. Чакаецца, што на поўную моц ферма «Завайць» па каровах асноўнага статка выйдзе да 2021 года.

Фота БелТА