Ордэн Аляксандра Неўскага

Культура

Ордэн Аляксандра Неўскага зацверджаны Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 29 ліпеня 1942 года. Затым Статут ордэна быў дапоўнены Указамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 лістапада 1942 года і ад 19 чэрвеня 1943 года.
Ордэн Аляксандра Неўскага носіцца на правым баку грудзей і размяшчаецца пасля ордэна Багдана Хмяльніцкага III ступені. Знак ордэна Аляксандра Неўскага вырабляецца з серабра.
Ордэн з’яўляецца малодшым з «палкаводчых» ордэнаў, ён адзіны сярод іх, які мае толькі адну ступень. Многія калекцыянеры лічаць яго самым прыгожым ордэнам СССР. Лепшы эскіз ордэна Аляксандра Неўскага стварыў малады архітэктар І. С. Цялятнікаў. Паколькі не захавалася прыжыццёвых партрэтаў палкаводца, Цялятнікаў змясціў на ордэн профільную выяву артыста Мікалая Чаркасава, які выконваў ролю Аляксандра Неўскага ў аднайменным кінафільме. Малюнак быў зацверджаны 20 ліпеня 1942 года.
У Статуце першапачаткова вызначалася, што ордэнам могуць узнагароджвацца толькі камандзіры воінскіх часцей ад узвода да палка ўключна. Згодна з Указам ПВС СССР ад 10 лістапада 1942 года, ордэнам маглі ўзнагароджвацца і камандзіры дывізій, брыгад. Ордэнам Аляксандра Неўскага былі ўзнагароджаны многія двойчы Героі Савецкага Саюза, лётчыкі, марскія пехацінцы. У ліку ўзнагароджаных і каля 70 замежных генералаў і афіцэраў.
Жанчыны-афіцэры таксама ўзнагароджваліся гэтым палкаводчым ордэнам. Ім была адзначана гвардыі капітан Марыя Смірнова, камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага гвардзейскага жаночага авіяпалка, які быў аснашчаны лёгкімі начнымі бамбардзіроўшчыкамі “По-2”. Вядома і нямала выпадкаў паўторнага ўзнагароджання ордэнам. Летам 1944 года ў баях за вызваленне горада Брэста прымаў удзел артылерыйскі дывізіён пад камандаваннем гвардыі маёра Алі Гейдара Ібрагімава – кавалера двух ордэнаў Аляксандра Неўскага. З гісторыі вядома, што многія часці і падраздзяленні прымацоўвалі ордэн Аляксандра Неўскага да сваіх баявых сцягоў. Неабходна адзначыць, што асноўная маса ордэнаў Аляксандра Неўскага ўручалася афіцэрам – камандзірам узвода, роты ці батальёна (воінскія званні ад лейтэнанта да маёра ўключна). Узнагароджанне гэтым ордэнам камандзіраў палкоў, брыгад і, тым больш, дывізій адбывалася радзей. Гэта абумоўлена тым, што старшым афіцэрам і генералам уручаліся палкаводчыя ордэны больш высокага рангу (Суворава і Кутузава).



Добавить комментарий