Прафесіяналы і валанцёры

Общество

Сапраўдным выпрабаваннем для чалавецтва стала пандэмія каранавіруснай інфекцыі. У многіх краінах колькасць чалавечых ахвяр налічваецца тысячамі. У першую чаргу гэта – людзі са шматлікімі хранічнымі захворваннямі. Вядома, што чым старэйшы чалавек, тым большы груз дыягназаў мае за плячамі. Таму менавіта абарона бабуль і дзядуляў – сённяшні клопат маладзейшых сваякоў, дзяржаўных устаноў і проста нераўнадушных грамадзян.

У нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, склалася цудоўная практыка дапамогі прадстаўнікам старэйшага пакалення праз дзейнасць тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва. Сацыяльныя работнікі даглядаюць адзінокіх і адзінока пражываючых людзей пажылога ўзросту. Яны штодня старанна выконваюць свае службовыя абавязкі – дапамагаюць з уборкай, дастаўляюць прадукты і лякарствы, падтрымліваюць маральна. Для многіх менавіта гэтыя жанчыны (часам і мужчыны) становяцца амаль роднымі людзьмі. Сёння ж Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе пенсіянерам знаходзіцца на самаізаляцыі. Сваякі, асабліва тыя, што жывуць у гарадах, баяцца іх наведваць, каб не прынесці ў дом любым бацькам ці дзядулям і бабулям інфекцыю. Таму сацыяльныя работнікі для большасці падапечных сталі адзінымі прадстаўнікамі грамадства, з якімі яны падтрымліваюць сувязь.

Як паведамілі ў ТЦСАН, усе супрацоўнікі забяспечаны ахоўнымі сродкамі. У дом да тых, каго абслугоўваюць, заходзяць выключна ў масках і пальчатках. Абавязкова карыстаюцца антысептыкамі. Па жаданні некаторых кліентаў ці іх сваякоў аказваюць паслугі дыстанцыйна – пакідаюць пакупкі ў дамоўленым месцы, выконваюць іншую работу, не ўступаючы ў кантакт з гаспадарамі. Але ж большасць пажылых людзей з радасцю адчыняюць дзверы для сваіх “дзяўчат”, бо менавіта яны для іх – і псіхолагі, і сёстры міласэрнасці, і сродкі інфармацыі. Ды і ступень даверу між імі вельмі значная.

У гэты складаны перыяд многія супрацоўнікі ТЦСАН, акрамя выканання звыклых абавязкаў, узялі на сябе яшчэ і валанцёрскую нагрузку. Як вядома, ва ўстанове працуе “гарачая лінія” па аказанні дапамогі пажылым людзям. Сярод тых, хто, незважаючы на занятасць, прыходзіць на дапамогу кожнаму, каму яна патрабуецца, – Таццяна Чышэвіч і Марына Маляўская.

Таццяна Міхайлаўна ЧЫШЭВІЧ займаецца сацыяльнай работай з 2012 года. Раней працавала паштальёнам, а значыць, цесныя стасункі з людзьмі ўжо тады былі часткай яе жыцця.

Сёння ў яе на абслугоўванні 13 чалавек. Гэта жыхары Івянца і вёсак Гілікі, Старынкі, Шыкуці. Самая старэйшая бабуля адзначыла 95-годдзе, астатнія трошкі маладзейшыя. “Усе яны для мяне сталі роднымі, – гаворыць пра падапечных жанчына. – Гэта не толькі добрыя, але і разумныя, досыць дасведчаныя людзі. Яны ведаюць пра тое, што робіцца ў свеце, таму старанна і цярпліва выконваюць рэкамендацыі, яшчэ і вучаць сваіх блізкіх і суседзяў”. Калі Таццяну Міхайлаўну просяць выканаць заказ, што паступіў на “гарачую лінію”, яна ні ў якім разе не адмаўляецца, тым больш, што часцей за ўсё людзі звяртаюцца з просьбай даставіць лякарствы. Яна сама і яе муж – вядомы ў раёне механізатар Генадзій Чышэвіч – добра ўсведамляюць сваю адказнасць перад грамадствам, таму не лічаць ні часу, ні сілы, што затрачваюць на выкананне прафесійнага і чалавечага абавязку. “Калі не мы, то хто?” – так гучыць іх агульнасямейны дэвіз.

 

Марына Феліксаўна МАЛЯЎСКАЯ прыйшла ў прафесію ў 2000 годзе. З той пары для многіх жыхароў Сівіцы і Вуглоў стала бадай самым жаданым госцем.

Сёння сярод яе падапечных 16 пенсіянераў. Праўда, трое пакуль на зімовай пабыўцы ў дзяцей, але вось-вось вернуцца ва ўласныя дамы. Гэтак жа, як і яе калега, добрая жанчына і адказны работнік адгукнулася на просьбу кіраўніцтва цэнтра ўключыцца ў валанцёрскую дзейнасць. Дарэчы, многія з тых, каму дапамагае часова, высока ацанілі супрацоўніцтва з прадстаўніком сацыяльнай службы і ўжо выказалі жаданне папоўніць спіс яе кліентаў. Марына Феліксаўна чалавек мабільны. Усё робіць хутка, якасна і ў належны тэрмін. Яна нават уласны аўтамабіль задзейнічала, каб толькі аператыўна выконваць сваю няпростую, але па-сапраўднаму любімую работу.