Пра самаізаляцыю

Безопасность и здоровье Важное

Хто і колькі павінен знаходзіцца ў самаізаляцыі, якія правілы трэба выконваць і што будзе за іх невыкананне – усе гэтыя пытанні рэгулюе пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 08.04.2020 № 208 “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства”.

З мэтай прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам СOVID-19, Савет Міністраў пастанавіў увесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь абмежавальнае мерапрыемства – самаізаляцыю, якой падлягаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, што:
– маюць інфекцыю СOVID-19;
– адносяцца да кантактаў першага ўзроўню з асобамі, якія маюць інфекцыю СOVID-19 (на працягу 14 дзён з даты апошняга кантакту);
– адносяцца да кантактаў другога ўзроўню з асобамі, якія маюць інфекцыю СOVID-19, пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў (на перыяд наяўнасці такіх сімптомаў);
– названыя ў п. п. 1 п. 1 пастановы Саўміна ад 25.03.2020 № 171 “Аб мерах па прадухіленні завозу і распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам СOVID-19” (на працягу тэрміну, устаноўленага гэтай пастановай).

Грамадзяніну, які падлягае самаізаляцыі, уручаецца патрабаванне аб захаванні правіл паводзін у самаізаляцыі.

Яны абавязаны:
не пакідаць месца пражывання (знаходжання), у тым ліку не наведваць месцы працы (вучобы), аб’екты гандлю і грамадскага харчавання, спартыўныя, выставачныя і канцэртныя залы, кінатэатры, вакзалы і іншыя месцы масавага знаходжання людзей, за выключэннем наступных выпадкаў крайняй неабходнасці: наведванне бліжэйшай харчовай крамы або аптэкі для набыцця неабходных тавараў; вынас бытавых адходаў у бліжэйшае месца для збору адходаў;
пры выхадзе з жылога памяшкання ў выпадках крайняй неабходнасці выкарыстоўваць маску, не дапускаць кантактаў з іншымі асобамі;
паведаміць наймальніку пра прычыну адсутнасці на працы;
выключыць карыстанне паслугамі, якія прадугледжваюць кантакты з іншымі асобамі, акрамя выпадкаў, калі такія паслугі патрабуюцца для забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці;
у выпадку пагаршэння стану здароўя звярнуцца ў хуткую медыцынскую дапамогу па тэлефоне 103 або адправіць SMS, паведаміўшы пры гэтым аб знаходжанні ў самаізаляцыі.

Адказнасць за невыкананне патрабаванняў аб захаванні правіл паводзін у самаізаляцыі, парушэнне іншых санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў прадугледжана артыкулам 23.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь, а таксама адміністрацыйны арышт. Крайняя мяжа адказнасці – крымінальная – аж да пазбаўлення волі.
Органамі ўнутраных спраў сумесна з арганізацыямі аховы здароўя арганізаваны кантроль за асобамі, якія знаходзяцца ў рэжыме самаізаляцыі. Ажыццяўляюцца штодзённыя праверкі выканання рэжыму самаізаляцыі. Калі чалавек адсутнічае па месцы жыхарства, будуць прымацца меры па ўстанаўленні яго месцазнаходжання і прычын невыканання самаізаляцыі.