Іголка, ніткі і натхненне

Главное Культура

   

Выстава “Магія вышыўкі” Тамары СУХАВЕЦКАЙ ладзіцца зараз у памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Нельга застацца раўнадушным, гледзячы на работы майстра. Кожная з іх падкупляе сваім сюжэтам, вытанчанасцю і акуратнасцю, уражвае шчырасцю і пяшчотай.

На экспазіцыі можна выдзеліць вырабы ў пастэльных тонах, у якіх прысутнічае нейкі дух даўніны. Асобнае месца займаюць выявы коней. Тамара Аляксандраўна гаворыць, што напэўна яе так натхняюць гэтыя жывёлы, бо сама яна па гараскопе – Конь.

Нарадзілася, вырасла і амаль усё жыцё пражыла наша гераіня ў Валожыне. Пасля заканчэння школы выйшла замуж і ўладкавалася машыністкай у рэдакцыю раённай газеты. Паколькі муж быў ваенным, то пяць гадоў давялося пражыць у Венгрыі. Калі ў 1886 годзе сям’я вярнулася дадому, то яе ўжо зноў чакалі ў рэдакцыі. Затым да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў ваеннай часці 30695. Цяпер ужо пяць гадоў, як жанчына на пенсіі.
Майстрыха расказвае, што пачала вышываць нейдзе ў 90-я гады і прычым зусім неспадзявана для сябе. Неяк летам, седзячы на лаўцы каля пад’езда, атрымала ад суседкі прапанову заняцца цікавай справай. Тая даўно захаплялася вышыўкай. Яе вырабы Тамара Сухавецкая не раз бачыла, і яны ёй вельмі падабаліся. Жанчына дала першыя ўрокі і хутка наша гераіня літаральна “захварэла” гэтым відам рукадзелля. Новае захапленне стала неабходнай часткай жыцця. Рукі самі цягнуліся да ніткі з іголкай, і нараджаліся ўсё новыя і новыя цудоўныя творы. Адны з іх вышыты па схеме, у іншых творца сама падбірала колеры: недзе прыходзілася злучаць па дзве, тры ніткі рознай афарбоўкі. Гледзячы на атрыманае хараство, не верыцца, што такая тонкая работа выканана ўручную. Кожная прыцягвае погляд і заслугоўвае ўвагі.

Нельга не сказаць пра карціны з бісеру. Як падлічыла аўтар, у адной, напрыклад, было выкарыстана 42 тысячы бісерын. Несвядомаму чалавеку цяжка нават уявіць, якая гэта карпатлівая справа ўладкаваць кожную з іх на патрэбнае месца, каб атрымаўся сапраўдны твор.

Тамара Аляксандраўна гаворыць, што занятак вышыўкай яе супакойвае, расслабляе і дазваляе забыць усё негатыўнае. Шмат сваіх работ яна падарыла родным, сябрам і знаёмым. Адна з іх адправілася аж у Лондан, дзе высока ацанілі ручную работу. Частка ж, напэўна самых любімых і блізкіх сэрцу, знаходзіцца дома і радуе гаспадыню і яе гасцей.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара