Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Общество

Ініцыятыўныя супрацоўнікі краязнаўчага музея натхніліся ідэяй – разам з чытачамі газеты акунуцца ў эпоху, якая мінула не так даўно, але ўспрымаецца людзьмі па-рознаму.
Экспазіцыя музея налічвае вялікую колькасць старых фотаздымкаў, на кожным – імгненне нечага асабістага жыцця або агульныя падзеі, непазнавальныя знаёмыя краявіды…
У новай рубрыцы будуць прадэманстраваны рэдкія фатаграфіі, пададзены сапраўдныя факты. Нас чакае сустрэча з простай, але затое самай праўдзівай гісторыяй Валожыншчыны…

Казачны дзіцячы гарадок – падарунак дзетвары зрабілі студэнты архітэктурна-будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (зараз – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт).

Юныя гараджане з задавальненнем абжывалі паркавыя пабудовы. Горкі і арэлі, цір і кавярня, драўляныя казачныя персанажы ўмясціліся на невялікай тэрыторыі. Сюды прыходзілі маладыя матулі з дзеткамі, тут любілі адпачываць людзі пажылога ўзросту. На невялікай сцэне перад жыхарамі Валожына выступалі творчыя калектывы горада і раёна.

Дарэчы, студэнты не пашкодзілі пладовыя дрэвы, якія раслі тут, кожнае з іх упісалася ў архітэктурны ансамбль. Сад вельмі дарагі пакаленню валожынцаў – былых вучняў СШ № 1 г. Валожына, якія разам з дырэктарам установы Антонам Станіслававічам Панышам з вялікай любоўю яго садзілі.