Маёй зямлі куточак дарагі

Культура

«Залатое пяро «Белай русі»-2019»

Пад такой рубрыкай працягваем друкаваць матэрыялы юных журналістаў Валожыншчыны, якія сталі лепшымі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2019”.

Анастасія ГАЙДАШОВА,
былая вучаніца Сівіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-базавая школа

Намінацыя – “Мая непаўторная малая радзіма”

 

Я не знаю зямлі прыгажэйшай,
Дзе ўранку спяваюць бары,
Ззяе ў прыгаршнях свет найярчэйшы,
Цёплы ветрык гуляе ў двары.

Ларыса Азарава

 

У сэрцы кожнага чалавека заўсёды застаецца месца пачуццю спагады і любові да таго куточка, дзе з’явіўся на свет, зрабіў першыя крокі. Гэты куток не забываецца. Ён самы дарагі, самы любімы, лепшага няма на свеце! Гэта куток нашага дзяцінства.

Для мяне такой мясцінай з’яўляецца вёска Сівіца. Яна размешчана ў маляўнічым куточку Беларусі сярод лясоў Налібоцкай пушчы. Тут жывуць і працуюць мае бацькі, суседзі, сябры.

Сівіца мае цікавую мінуўшчыну, бо існуе ўжо многа гадоў. Пра гэта сведчаць імёны герояў, якія мужна абаранялі вёску ў гады вайны, імёны таленавітых асоб, што нарадзіліся на сівіцкай зямлі і прысвяцілі ёй сваё жыццё.

Вёска і сапраўды чароўная. Тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці… На некалькі кіламетраў працягнуліся яе вуліцы, аздобленыя прысадамі каштанаў, бяроз і зараснікамі бэзу. Сады кожны год шчодра адорваюць жыхароў водарам кветак і смачнымі пладамі. Вакол вёскі вялізны прыгожы лес, у якім многа грыбоў і ягад.

Мне дорага тут усё: свіст тоненькай травінкі над схаваным між купін птушыным гняздом, ласіны след на заснежанай лясной палянцы, усплёск рыбы па вадзе сцішанага возера… Люблю глядзець на палеткі з ільном або жытам. Яны нагадваюць мне бяскрайняе мора, якое ўтворана рукамі дбайных хлебаробаў.

Добрыя, чулыя, працавітыя і таленавітыя людзі жывуць у Сівіцы. Дзякуючы ім, ад вясны да позняй восені стракацяць на кветніках прыгожыя рознакаляровыя кветкі, радуюць вока чысціня і парадак. Сёння дзеці, унукі і праўнукі яе жыхароў паспяхова працуюць як у сельскай мясцовасці, так і ў горадзе. Сярод іх прадстаўнікі самых розных прафесій: хлебаробы, жывёлаводы, механізатары, банкаўскія работнікі, медыкі, настаўнікі, юрысты, вучоныя, інжынеры…

Мой родны куточак – гэта маё багацце. На ўсёй зямлі няма лепшага месца. Ён такі ўтульны, цёплы, прыгожы… Народная мудрасць гаворыць: “У гасцях добра, а дома лепш”. Я поўнасцю згодна з гэтымі словамі. Родны куточак – цудоўны скарб, які патрэбна шанаваць. Я вельмі ўдзячна Богу, што ён даў мне месца пад сонцам, што ён даў мне бацькоў і родны куточак!

Родны кут. Ён непаўторна любы,
Мне яго відно ва ўсе бакі.
Тут, каля гаёў зялёначубых,
Спяць мае дзяды, жывуць бацькі.
Тут маё прыстанішча і шчасце,
Тут мой лёс, мой сум і запавет,
Тут я сэрца адчыняю насцеж
Для ўсяго, чым знакаміты свет.