Неўзабаве з’явіцца даведнік па месцах воінскай славы раёна. Над яго стварэннем працавала група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама І. У. Шакуна.
Каляровае выданне будзе складацца з трох раздзелаў: “Дарогамі Першай сусветнай”, “Памяць нашу не сцерці з гадамі” і “Валожынскія сёстры Хатыні”. На тэрыторыі Валожыншчыны 74 помнікі і воінскія пахаванні, што ўвайшлі ў даведнік. Адкрываць яго будуць карта раёна, на якой пазначаць гэтыя аб’екты, і агульная гістарычная даведка. Падрыхтавана кароткая інфармацыя пра кожны помнік, фатаграфіі і канкрэтны адрас. Такі сістэматызаваны даведнік убачыць свет упершыню.
Нягледзячы на пандэмію і не зусім радасную сітуацыю з каранавірусам па ўсім свеце, здараюцца і радасныя падзеі. Ніхто не адмяняў нараджэнне новых грамадзян. У раёне павялічваецца і колькасць мнагадзетных сем’яў, калі нараджаецца трэцяе дзіця.
У красавіку прыняты рашэнні райвыканкама аб прызначэнні сямейнага капіталу жыхарцы вёскі Сідараўцы Ракаўскага сельсавет Зарыне Муродаўне Бабаевай, якая нарадзіла чацвёртае дзіця. А таксама жыхаркам вёскі Нарэйшы Валожынскага сельсавета Алене Аляксандраўне Бобрык, Кацярыне Міхайлаўне Новік з Івянца і жыхарцы Валожына Святлане Мікалаеўне Гаськовай, што сталі маці ў трэці раз. У першым квартале 23 сем’ям дазволілі датэрмінова распараджацца сродкамі сямейнага капіталу. У красавіку – яшчэ 9-і. У асноўным атрымліваюць дазвол выдаткаваць грошы на пакупку ці будаўніцтва жылля, у адным выпадку – на вучобу.
За першы квартал у раёне зарэгістраваны 10 новых юрыдычных асоб і 35 індывідуальных прадпрымальнікаў.
Сярод юрыдычных асоб дзве сялянскія фермерскія гаспадаркі – “Шале-Ваявода” і “Жнівецкае”, якія будуць займацца вырошчваннем зерневых культур. Сярод жыхароў раёна, што пажадалі аформіцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, большасць па-ранейшаму займаецца гандлем і грузаперавозкамі. З’явіўся і адносна новы від дзейнасці – бухгалтарскія паслугі.
На працягу трох дзён у лясгасе працавалі прадстаўнікі міжнароднай камісіі па сертыфікацыі (FSC).
Раз у год яны праводзяць дакладную праверку (аўдыт) на выкананне работ па лесакарыстанні і адпраўцы прадукцыі на міжнародны рынак у адпаведнасці з патрабаваннямі дадзенай арганізацыі.
Тры дыпломы другой ступені сталі вынікам удзелу ліцэістаў нашага раёна ў абласным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафтэхадукацыі.
У намінацыі “Машынабудаванне” дыплом атрымаў пескаструменны апарат майстра вытворчага навучання Анатоля Мікалаевіча Карповіча і навучэнца трэцяга курса групы 32-19 Дзяніса Віцікава. У намінацыі “Інтэр’ер” адзначаны адразу дзве работы з Валожынскага ліцэя. Гэта прадмет інтэр’еру “Марскі канёк”, прадстаўлены майстрам вытворчага навучання Мікалаем Антонавічам Камінскім і навучэнцам вучэбнай групы 25-102 Паўлам Курзянковым, і “Лесвіца прагрэсу” выкладчыцы Алены Міхайлаўны Бубневіч.
У Валожыне застаецца ўсё менш аб’ектаў, якія належаць райспажыўтаварыству. У дадзены момант рамонтныя работы вядуцца ў былым магазіне “Ветразь” у мікрараёне Папоўка. Будынак здадзены ў арэнду гандлёвай сетцы “Дабраном”.
А вось днямі стала вядома, што ўласнікі прапануюць узяць у арэнду “Гасцінец”, які некалі быў самым вялікім у райцэнтры прадуктовым магазінам. Хто наступны на чарзе?
23 красавіка завяршыўся раённы этап штогадовага рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Сёлета яго дэвіз быў наступны – “Беларуская пісьменнасць ад вытокаў да сучаснасці – нацыянальны набытак і гонар”. У конкурсе, які праходзіў у нязвыклым фармаце, прынялі ўдзел усе ўстановы адукацыі, якія дасылалі відэавыступленні ўдзельнікаў.
Ва ўзроставай групе 1-4 класы перамогу святкавала вучаніца 4 класа Івянецкай СШ Аэліта Жалток, 5-6 класы – шасцікласніца Дорскага ВПК Вераніка Лотах. Сярод вучняў 7-8 класаў першае месца журы прысудзіла сямікласніку СШ № 1 райцэнтра Мікіту Стасяловічу, а сярод удзельнікаў 9-10 класаў – дзевяцікласніку Яршэвіцкага ВПК Раману Кароткаму. Усе названыя пераможцы 7 мая прымуць удзел у абласным этапе конкурсу, які таксама пройдзе ў рэжыме анлайн.