5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень друку, а 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

Главное

5 мая ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень друку – свята ўсіх работнікаў сродкаў масавай інфармацыі, а 7 мая – Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Як і ў іншых прафесіях, сярод журналістаў выпадковых людзей не бывае. Тыя, хто абраў гэты шлях, павінны валодаць высокай эрудыцыяй, моцнымі ведамі ў розных галінах жыцця і асаблівым талентам даносіць да людзей інфармацыю.

Вось ужо больш як 80 гадоў калектыў спачатку «Іскры», а потым – «Працоўнай славы» і «Валожынскага радыё» стараецца быць у гушчары падзей, дзеліцца з чытачамі апошнімі навінамі жыцця раёна, расказвае пра людзей працы, вучыць любіць і шанаваць сваю малую і вялікую Радзіму, часам насуперак нават сямейнаму дабрабыту накіроўвае ўсе сілы, каб новы нумар любімай многімі раёнкі ўбачыў свет…

Дзякуючы майстрам інфармацыі і вобразаў, дзякуючы тым часцінкам душы, якія закладваліся і працягваюць памяшчацца ў кожны падрыхтаваны матэрыял, выбудоўваецца адкрыты дыялог паміж уладай і чалавекам, фарміруецца грамадскае меркаванне, прадаўжаюцца закладзеныя папярэднікамі слаўныя традыцыі.

Мы шчыра ўдзячны нашым старэйшым калегам, у якіх вучыліся прафесіянальнаму майстэрству,  уменню паважаць, шанаваць і любіць сваіх падпісчыкаў, працаваць дзеля іх інтарэсаў.  Гэтыя якасці залатымі літарамі выбіты ў характарах ветэранаў журналісцкай справы – былых рэдактараў “Працоўнай славы”, членаў Саюза журналістаў Беларусі Софіі Ігнацьеўны Кавязы, Ірэны Францаўны Пашкевіч, намесніка рэдактара газеты Наталлі Сямёнаўны Штэйнер. Тры дзесяцігоддзі адпрацавала ў рэдакцыі галоўным бухгалтарам Ніна Іванаўна Садоўская, больш за 20 гадоў нязменным вадзіцелем быў Аляксандр Рыгоравіч Зянько, шмат часу аддала вярстальнавыдавецкай справе і Ала Мікалаеўна Бітэль. А якімі здымкамі радаваў падпісчыкаў фотакарэспандэнт Дзмітрый Мікалаевіч Мікітовіч!.. Усім вам, паважаныя, асаблівыя віншаванні з прафесіянальным святам!

Доўгія гады «Працоўная слава» друкавалася ў валожынскай друкарні “Перамога”. Тут працавалі сапраўдныя прафесіяналы. Кожны газетны радок у той час набіраўся па літарах, якія кампанаваліся выключна ўручную. Сёння магчымасць мець свежы нумар газеты кожныя аўторак і пятніцу дораць усім нам супрацоўнікі сталічнай друкарні ТАА “РоллПрынт”.

Шаноўныя калегі! Жадаю, каб ваша пяро заўсёды было вострым, тэмы – прыемнымі, каб колькасць падпісчыкаў і радыёслухачоў пастаянна павялічвалася. Моцнага здароўя, шчасця і даўгалецця, невычэрпнага энтузіязму, творчых і жыццёвых сіл!

Паважаныя, дарагія калегі, шаноўныя ветэраны працы! Са святам вас!

З павагай, рэдактар газеты Сяргей САДОЎСКІ