Паказаць клас на сусветным узроўні? Лёгка!

Молодежный курьер

Яму ідзе толькі 21-ы год, але жыццёвых статусаў, іпастасей і тытулаў мае мноства. Пачнём з таго, што ўражвае ў першую чаргу. Перад намі чэмпіён Беларусі, Усходняй Еўропы (трохразовы), Германіі, Ірландыі і свету (дзеючы) па ірландскіх танцах, а яшчэ студэнт-трэцякурснік Мінскага тэхналагічнага ўніверсітэта, практыкант Ракаўскага лясніцтва, жыхар Мінска і вёскі Кіявец Аляксей НАЎМОВЕЦ.

З ранняга дзяцінства ён цесна звязаны з двума населенымі пунктамі. У сталіцы жылі і працавалі бацькі, а ў вёску, што на тэрыторыі Валожынскага раёна, наведваўся ў госці да дзядулі з бабуляй. Калі пажылых продкаў не стала, тата вырашыў стварыць уласную сялянскую гаспадарку і ўжо даўно пастаянна пражывае ў Кіяўцы. Сын, як дазваляе час, імчыць на дапамогу. Вось толькі пытанне, дзе на гэта знаходзіць час, асабіста для мяне застаецца адкрытым. Больш занятага чалавека з ліку знаёмых нават і не ўзгадаю. Толькі ўявіце: днём на занятках у ВНУ, вечарам – на трэніроўках і рэпетыцыях. У перыяды, калі рыхтуецца да ўдзелу ў спаборніцтвах, кожную хвіліну прысвячае ўдасканаленню свайго майстэрства. Але пра ўсё папарадку.
У дзіцячыя гады Аляксей быў даволі хваравітым, таму матуля, зыходзячы з парад урачоў, вырашыла далучыць хлопчыка да нейкага занятку, які б прадугледжваў рухальную актыўнасць. Перабраўшы ўсе магчымыя спартыўныя варыянты, жанчына адвяла сына на танцы. Чаму менавіта ірландскія? Проста дзесьці ўбачыла і літаральна закахалася ў неверагодна прыгожае мастацтва. Калі назірала, з якой лёгкасцю лятаюць па сцэне танцоры, спрытна выбіваючы абцасамі нерэальна хуткі рытм, здавалася, што гэта адбываецца нібыта само сабой, без намаганняў.

На практыцы ж усё аказалася значна больш складаным. Хлапчуку дзіўныя скокі з прыціснутымі да бакоў рукамі не прыйшліся да спадобы. З прычыны слабага здароўя ён не хадзіў у дзіцячы сад, ды і першы клас амаль цалкам знаходзіўся на хатнім навучанні – жыць па законах калектыву быў не прывучаны. Не хапала камунікабельнасці. Праўда, спадабалася музыка. Ён ужо наведваў музычную школу па класе гітары, таму ацаніў прыгожыя мелодыі – як працяжныя балады, так і імклівы рыл (reel).

Доўгі час заставаўся раўнадушным да эстэтыкі танца, а вось спартыўны складальнік хутка захапіў. Ды і на здароўе заняткі аказалі станоўчы ўплыў. Канчаткова перадумаў развітвацца з групай падчас чэмпіянату, што адбыўся ў Маскве. Першае месца было нечаканым, таму прыемна ўразіла. Вось тады і прыйшоў азарт.

Вядома, што ірландскія танцы падзяляюцца на тыя, што выконваюцца ў мяккім абутку, і тыя, дзе выкарыстоўваюцца чаравікі з набойкамі. У залежнасці ад таго, што на нагах танцора, знаходзіцца тэхніка і харэаграфія. Аляксей амаль тры гады не мог перайсці да цвёрдага варыянта. Пырхаць па сцэне ўдавалася добра, а вось выбіваць нагамі стэп атрымалася не адразу. Пераадолець цяжкасці дапамагло імкненне да перамог. З кожнай паездкі прывозіў узнагароды.

Апошнія гады тытулаваны танцор займаецца ў самай прэстыжнай мінскай школе, якая вельмі каціруецца на міжнародным узроўні. Нядаўна дэбютаваў у расійскім шоу “Кельтыка”. Нягледзячы на значную колькасць перамог, ён па-ранейшаму рыхтуецца да ўдзелу ў спаборніцтвах. Як мінімум чарговы раз спадзяецца зацвердзіцца як чэмпіён свету. Аб чым ён марыць, што плануе? Усе яго надзеі на будучыню добра прадуманыя і канкрэтна акрэсленыя. Амбіцыйны юнак імкнецца трапіць у адно з самых паспяховых еўрапейскіх шоу – Riverdance ці да самога Майкла Флэтлі ў “Lord of the Dance”. Геніяльны артыст, харэограф, прадзюсар, музыкант, чалавек, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы хуткі стэпіст, застаецца для выканаўцы арыенцірам.

Беларускі прадстаўнік сучаснай моладзі ўмее ўлічваць чужы вопыт. У многім стараецца аперціся на факты з жыцця яшчэ аднаго куміра – расійскага артыста балета Мікалая Цыскарыдзэ. Той, знаходзячыся на піку кар’еры, не забываў, што век танцора кароткі, таму паступіў ва ўніверсітэт, дзе атрымаў дыплом юрыста. Будучая спецыяльнасць А. Наумоўца звязана з экалагічным турызмам, што даволі лагічна – мае значны вопыт замежных вандровак. Выступаў у Чэхіі, Вялікабрытаніі, Славакіі, Галандыі, Польшчы, многіх краінах былога СССР і не аднойчы на радзіме ірландскага танца. Безумоўна, да таго часу, як прыйдзецца спыніць кар’еру, ён паспее шмат дзе пабываць. Ды і сцэнічнае жыццё артыстаў гэтага жанру даволі працяглае. Здараюцца, на жаль, і траўмы – вялікая нагрузка на ногі і пазваночнік.
Цікава, што да ўдзельнікаў чэмпіянатаў і артыстаў шоу існуюць розныя патрабаванні. Падчас спаборніцтваў у першую чаргу ацэньваецца тэхнічны бок – вышыня скачкоў, хуткасць, абавязковая “выключанасць” рук. А вось прадстаўнікі сцэны адточваюць у першую чаргу артыстызм. У пастановачных нумарах могуць “удзельнічаць” рукі. Таму, каб быць універсалам, а сёння Аляксея можна смела аднесці да гэтай катэгорыі выканаўцаў, неабходны пэўны баланс.

Мне было цікава, як танцоры запамінаюць складаныя камбінацыі, не збіваюцца з рытму і ўсё выконваюць ва ўнісон пры пастаноўцы масавых сцэн. Аказваецца, сакрэт просты. Яны шмат рэпеціруюць, маюць выдатны слых і пачуццё рытму, а харэограф распрацоўвае спецыяльную схему. Дарэчы, выступаць у ансамблевых нумарах і дуэтах больш складана і адказна, але кожны артыст імкнецца да сольных партый, і наш герой не выключэнне.

Незвычайны выпадак адбыўся з ім у Дубліне (Ірландыя). Ён толькі-толькі перажыў хвалюючы момант перамогі на чэмпіянаце і пасля ўзнагароджання завітаў у паб (бар). Там, як у большасці падобных месцаў, іграла жывая музыка. Аляксей прапанаваў гаспадару сваё выступленне. Той, даведаўшыся, што хлопец – іншаземец, выказаў пэўныя сумненні. Маўляў, няўжо прадстаўнік іншай краіны штосьці можа? Чэмпіён свету, як кажуць, паклаў прысутных на лапаткі. Мне давялося бачыць відэазапіс гэтага выступлення. Аж слёзы наварочваліся на вочы ад гонару за таленавітага земляка, які паказаў клас у выкананні ірландскіх танцаў самім ірландцам. А ў іх, між іншым, адносіны да сваёй культуры вельмі трапяткія.

Я запытала ў чалавека, які ўсё ведае пра свой від мастацтва, чаму ў танцы не задзейнічаюць рукі, і вось што пачула ў адказ:
“Гэта адзін з момантаў барацьбы за незалежнасць. Англічане забаранялі мясцоваму насельніцтву іх музыку і танцы, нават даходзіла да пастаяннага назірання праз вокны. Вось і прыдумалі людзі рухацца так, што здалёк здавалася, быццам яны проста падскокваюць на месцы. А ногі іх у гэты час ва ўсю выраблялі розныя фертэлі”.

Малады чалавек сцвярджае: займацца ірландскімі танцамі і не быць паглыбленым у саму культуру астраўной дзяржавы, немагчыма. Зараз з улікам таго, што паспеў даведацца пра гісторыю гэтай краіны, Аляксей з упэненасцю сцвярджае: між Беларуссю і Ірландыяй безліч падабенстваў. Там, як і ў нас, дзве дзяржаўныя мовы, толькі ўплыў англійскай прывёў да наступнай сітуацыі: па-ірландску гавораць мала. У музыцы, спевах, танцах шмат агульнага. Падобныя між сабой і кулінарныя традыцыі. І людзі такія ж прыгожыя, ветлівыя, з пачуццём уласнага гонару.

На мой погляд у ірландскай народнай музыцы і танцавальных па цудоўна адлюстравана імкненне да свабоды невялікага, але гордага народа. Напэўна таму кожны, хто сутыкаецца з іх культурай, зараджаецца ваяўнічай энергетыкай. Аляксей, напрыклад, старанна працуе над сваім характарам, даўно прывучыў сябе да трываласці, пунктуальнасці, цікавіцца многімі відамі спорту, у тым ліку – адзінаборствамі і хакеем, наведвае аўташколу.

Як толькі скончыцца перыяд каранціну, выхаванец трэнера Вікторыі Гомза – чэмпіёнкі свету і Еўропы – Аляксей Наўмовец чарговы раз будзе абараняць гонар Беларусі на чэмпіянаце свету ў Германіі. Пажадаем яму перамогі!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота з чэмпіянату свету 2019 года