Спакой, толькі спакой… ці як не стаць ахвярай панічнай атакі

Важное Общество

 

Праблема павышанай трывожнасці, страхаў і нават панічных атак у апошні час асабліва актуальная. Вельмі цяжка і непрыемна перажываць катастрофы, асабліва калі яны масавыя.

З-за няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце трымаць сябе ў руках становіцца ўсё больш складана. Навіны палохаюць несуцяшальнымі лічбамі, людзі перадаюць адзін аднаму жахлівыя падрабязнасці. І ніхто не можа даць дакладны адказ на пытанне: калі ж гэта ўсё скончыцца. Таму будучыня  нас палохае сваёй непрадказальнасцю. У выніку расце калектыўнае напружанне, а з ім – страх за сябе, блізкіх. З-за гэтага значна павялічваецца верагоднасць узнікнення панікі. Наколькі б сур’ёзнай ні была яе прычына, менавіта сама паніка заўсёды больш небяспечная, чым тое, што яе выклікае. Панічныя праяўленні толькі пагаршаюць любую сітуацыю. Дарэчы, чалавек, накруціўшы сябе, можа памерці, не вытрымаўшы стрэсу. Вельмі важна гэтага не дапусціць.

 

Як жа перамагчы паніку ў перыяд пандэміі?

Самае лепшае, што можна зрабіць, – захоўваць спакой! Пры гэтым не адмаўляць небяспеку, але выконваць усё, што ад нас залежыць, і не расходаваць сілы на тое, на што паўплываць нельга.

Можна выдзеліць наступную схему (паслядоўнасць дзеянняў) у барацьбе з панікай:

Рабіце толькі тое, што залежыць ад вас, а астатняе – “адпусціце”. Ёсць  рэчы і падзеі, якія кантраляваць нельга, і тыя, што паддаюцца нашаму ўплыву. З першымі неабходна скарыцца. Мы ж сапраўды не можам кантраляваць сітуацыю ў свеце. Не ў сілах і на 100% абараніць сябе і блізкіх ад інфекцыі. Таму неабходна прыняць той факт, што перахварэць верагодна ўсё ж давядзецца. Аднак і для медыцыны, і для нас саміх лепш, калі мы будзем хварэць паступова. Пастарайцеся засяродзіць увагу на тым, што, згодна са статыстычнымі данымі, для большасці насельніцтва (80%!) вірус не ўяўляе асаблівай небяспекі. Калі мы не можам поўнасцю абараніць сябе ад яго, то абавязаны знізіць верагоднасць заражэння. Для гэтага дастаткова як мага часцей мыць рукі з мылам, не сутыкацца з паверхнямі і не дакранацца рукамі да твару, трымаць дыстанцыю, пры  магчымасці – самаізалявацца, абмежаваць кантакты з іншымі людзьмі.

Выконвайце правілы “інфа-гігіены”. Як можна менш глядзіце навіны (выключыце сябе з бясконцага патоку інфармацыі) і ні ў якім разе не чытайце каментарыі недасведчаных людзей у сацыяльных сетках. Нам толькі здаецца, што зараз як ніколі працуе сцвярджэнне “праінфармаваны – значыць узброены”. Але ж хто гарантуе, што тыя крыніцы, з якіх чэрпаем звесткі, па-сапраўднаму кампетэнтныя і не маюць намеру наўмысна запалохваць людзей, правакаваць іх на трывогу. У падобнай сітуацыі мець адзін інфармацыйны паток лепш, чым атрымліваць мноства супярэчлівых звестак.

Займайцеся спортам. Рабіце гэта нават у хатніх умовах (можна карыстацца анлайн-урокамі ці рабіць звычайную зарадку). Фізічная актыўнасць (практыкаванні, прабежкі, язда на веласіпедзе, катанне на роліках, танцы і інш.) дапаможа наладзіць кровазварот і развеяць прыступы трывожнасці. Паспрабуйце літаральна ўцячы ад панікі!

Пераключайцеся на карысную ці хаця б прыемную дзейнасць. Вывучайце замежныя мовы, займайцеся ўборкай, рамонтам, паспрабуйце сябе ў якасці валанцёра ці проста глядзіце добрыя фільмы.

 Паласуйцеся смачным! Менавіта ў гэты перыяд можна зняць забароны на ўжыванне салодкага і мучнога. Вугляводы – тое, што патрэбна нашаму арганізму ў дадзены момант.

Навучыцеся правільна дыхаць. Гэта дапаможа справіцца з трывогай. Дыхайце павольна і неглыбока. Выдых павінен быць у два разы больш працяглым, чым удых. Таксама добра спрыяюць расслабленню звычайныя спевы, таму што ў гэты час правільнае дыханне наладжваецца аўтаматычна.

Тыя, хто адчуваюць сябе адзінокімі, каму цяжка і трывожна на душы, каго адольваюць страхі і паніка, могуць атрымаць падтрымку і неабходныя парады па тэлефоне тэрміновай псіхалагічнай дапамогі. Яго нумар у ТЦСАН – 68117  (з 8.00 да 17.00 у буднія дні).

Шчыра жадаю ўсім здароўя, разважлівасці і спакою!

Алена ЖДАНЮК, псіхолаг ТЦСАН