Каб увекавечыць імёны герояў

Важное Молодежный курьер

«У Дзень Перамогі на парадзе актывісты БРСМ пранясуць рэспубліканскае палотнішча «Беларусь памятае!» з імёнамі герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Гэта тыя людзі, якія 75 гадоў таму вызвалялі нашу краіну», — сказаў першы сакратар ЦК БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк.

Палотнішча «Беларусь памятае!» створана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў час правядзення маладзёжнага марафону «75» і прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яно ўяўляе сабой чырвона-зялёнае палатно з надпісам «1941 Беларусь памятае 1945» памерам 6 x 12 м, якое складаецца з 482 адрэзкаў з нанесенымі імёнамі вызваліцеляў.

У выніку пошукава-даследчай работы па вывучэнні біяграфій герояў-землякоў моладзь сабрала інфармацыю аб 411 Героях Савецкага Саюза (у тым ліку аб чатырох двойчы Героях Савецкага Саюза) і 71 поўным кавалеры ордэна Славы — беларусах і выхадцах Беларусі.

Пасля ўдзелу ў парадзе палотнішча «Беларусь памятае!» будзе перададзена на захоўванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Згодна з інфармацыяй БелТА