На АЭС дастаўлена ядзернае паліва

Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, на пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі прыбыў састаў з ядзерным палівам для першага энергаблока, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.

«На АЭС забяспечана неабходная тэхнічная гатоўнасць памяшканняў, абсталявання, сістэм і элементаў, а таксама арганізацыйная гатоўнасць персаналу станцыі да бяспечнага абыходжання са свежым ядзерным палівам. Да завозу паліва ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі аб’екты першага энергаблока перададзены пад ахову ўнутраных войскаў у штатным рэжыме», — паведамілі ў прэс-службе.

У адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам спецыялісты Беларускай АЭС разам з генеральным падрадчыкам — АБЭ — забяспечаць прыёмку паліва і правядзенне яго ўваходнага кантролю.

Як паведамлялася, партыя ядзернага паліва для пачатковай загрузкі ў рэактар для першага энергаблока БелАЭС выраблена на Новасібірскам заводзе хімканцэнтратаў (уваходзіць у паліўную кампанію Расатама «ТВЭЛ»).

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам» (АБЭ). Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога — у 2021-м.