Дапамога лішняй не бывае

Безопасность и здоровье Главное

Ручайкі грашовых паступленняў не мяльчэюць. Амаль кожны жыхар Валожына палічыў за гонар унесці свой асабісты ўклад у дапамогу медыцынскаму персаналу, які ўжо месяц працуе ў рэжыме штодзённай баявой гатоўнасці ў барацьбе з каранавірусам. Да іх паступова далучаюцца дабрачынцы з іншых населеных пунктаў раёна. Аднымі з першых эстафетную палачку дапамогі падхапілі івянчане.

Разам мы робім адну справу: імкнёмся, каб наш інфекцыйны шпіталь быў добра ўкамплектаваны сродкамі індывідуальнай абароны, а таксама тым, што неабходна ў рабоце. Усё патрэбна ў вялікай колькасці – касцюмы, ахоўныя шчыткі, рэспіратары, нарукаўнікі і іншае, таму дапамога кожнага лішняй не бывае. Тройка валанцёраў пастаянна на сувязі, пастаянна ў пошуку, вакол іх з’явілася кола дабравольных памочнікаў, якія падказваюць адрасы, манітораць цэны, дапамагаюць з дастаўкай.

На сайце МЛЫН.BY на мінулым тыдні з’явіўся матэрыял пра Міхаіла Жука, урача-рэаніматолага адной са сталічных бальніц, што ў пачатку красавіка быў шпіталізаваны ў Валожын. Ён ужо вярнуўся дадому. Урач высока ацаніў работу валожынскіх калег. “Дакладна выконвалі свае прафесіянальныя абавязкі, уважліва адносіліся да пацыентаў”. Яшчэ ён адзначыў, як фізічна цяжка пастаянна знаходзіцца ў сродках абароны. Цяжка, але вельмі патрэбна… І галоўнае, каб гэтых сродкаў хапала.

Многія дзеляцца далёка не лішнім. Так, напрыклад, паступіла просьба ад дырэктара дома-інтэрната для старых “Сямейны прычал” Алены Дубовік (і ўжо не ў першы раз): “Вельмі прашу забраць ад нас невялікую дапамогу: падгузнікі, 30 нагрудных фартухоў, пракладкі, тканіну для масак і розную неабходную дробязь. Мы таксама на каранціне, таму няма магчымасці даставіць”. І позна ўвечары Аляксей Віршыч паехаў у Вайганы за дапамогай.

У канцы дня нашы валанцёры, калі ў іх стае фізічных сіл, даюць у групе “Дапамога медыкам Валожына” справаздачу аб зробленым і набытым. Больш за тыдзень чакалі пульсаксіметры, якія набылі па перадаплаце. 29 красавіка яны паступілі і былі дастаўлены ў бальніцу. Невядомы прадавец зрабіў скідку ў памеры 80 долараў. Гэты прыбор дазваляе прама на выкліку да пацыента вызначыць неабходнасць у кіслародзе ці ІВЛ, што вельмі эканоміць час медыкаў і аблягчае ім работу. Пульсаксіметрамі падзяліліся з івянецкімі і ракаўскімі аддзяленнямі хуткай дапамогі. У той жа дзень, 29 красавіка, набылі бясплатна 10 шчыткоў, а яшчэ 50 закупілі.

У Вайберы з’явілася група “Івянец разам”, якая аб’яднала ўжо каля 600 чалавек. З дапамогай дабрачыннай арганізацыі “Арыядна” ў Івянецкую бальніцу даставілі 50 аднаразовых халатаў і 55 рэспіратараў. Таксама аказалі дапамогу антысептыкамі і прадуктамі Ракаўскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату. А гэта значыць, што не падзяляем людзей на вашых і нашых, калі ёсць магчымасць, дзелімся лішкамі…

*    *    *

Асобна хочацца расказаць пра ініцыятыву гаспадароў аграсядзіб, якія размешчаны на тэрыторыі раёна. Па прапанове Анатолія Мікалаевіча Ганца (аграсядзіба “Ганка”) вырашылі гатаваць абеды для валожынскіх медработнікаў. Хто адзін дзень, а хто тры дні запар дастаўляюць за 50 порцый абедаў у герметычных бачках. Нехта запрасіў нават прафесіянальных повараў. Члены кааператыва “Валожынскія гасцінцы” пашырылі кола дапамогі і на рэабілітацыйны цэнтр “Аксакаўшчына”, дзе сярод медсясцёр і санітарак – жыхары нашага раёна. Магчыма, у наступных матэрыялах мы больш раскажам пра гэты бок дапамогі.

Цяпер жа хочацца прывесці словы ўрача Таццяны Залуцкай, яна напісала “У Кантакце” наступнае: “Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць гаспадарам аграсядзіб, якія дабравольна некалькі дзён у тыдзень кормяць медперсанал інфекцыйнага шпіталю. Асабліва цяпер, калі мы амаль месяц удалечыні ад дома, вельмі адчуваем адсутнасць маленькіх радасцей, што раней нават не заўважалі… Якія смачныя супы, мясныя і рыбныя стравы, салаты! Мы адчуваем ваш клопат, мы яго цэнім і кожны раз успамінаем усіх вас добрым словам! Дзякуем!”.

І апошняе: пра дзейнасць нашых валанцёраў паказала сюжэт СТБ, напісалі “Рэгіянальная газета”, сайты МЛЫН.BY і Анлайнер. З валожынцаў бяруць прыклад, пераймаюць вопыт. Не перабольшу, калі скажу, што наша раённая газета таксама мае да гэтага дачыненне – першая ў вобласці, калі не ў рэспубліцы стала пісаць пра народны рух у дапамогу медыкам, якія выйшлі працаваць на перадавую ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй. Будзем разам, не забываем пра індывідуальныя сродкі абароны! А галоўнае – будзем здаровы!

Наталля ШТЭЙНЕР