Квітней і слаўся, родны край, Свой лёс на гонар прымнажай!

Официально

У нядзелю, 3 ліпеня, нягледзячы на праліўны дождж, шматлюдна было на плошчы Свабоды горада Валожына. Ветэраны Вялікай Айчыннай ваны і працы, кіраўніцтва раёна, члены дэлегацый з Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі працоўных калектываў, афіцэры і салдаты мясцовай воінскай часці, члены грамадскіх арганізацый, вучнёўская моладзь, дашкольнікі, шматлікія госці сабраліся тут, каб урачыста ўславіць неўміручы подзвіг народа ў гады вайны, каб словам і песняй выказаць любоў да роднай Беларусі…

Не па загаду, а па поклічу шчырага сэрца што-год 3 ліпеня збіраюцца людзі на плошчу Сва-боды раённага цэнтра. Гэта своеасаблівае месца гістарычнай памяці. Не выпадкова яно і самае прыгожае па свайму дызайнерскаму рашэнню. Тут пышна цвітуць кветкі, якіх заўсёды шмат, як і належыць быць ля месца, дзе вечны спачын у брацкай магіле знайшлі воіны-вызваліцелі, дзе сполахі вечнага агню сімвалізуюць неўміручую памяць пра тых, хто не дажыў да светлага дня Вялікай Перамогі…

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, узнёсла-светла было на душах людзей. Своеасаблівую атмасферу стварала прысутнасць на  плошчы вялікай колькасці салдат і афіцэраў. Горда ўзвіваўся ў сінь неба дзяржаўны сцяг краіны. Гэта сімвал нашай свабоды, незалежнасці, неўміручай славы і гонару.

Гады ідуць, і, на жаль, усё менш і менш сярод нас застаецца віноўнікаў вялікай урачыстасці – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Па іх выразу твару, па іх шчырых вачах было бачна, наколькі даражаць яны гэтым святам. Ім прыемна, што слава легендарнага пакалення саракавых гадоў шануецца і беражэцца нашчадкамі. Са словамі шчырага віншавання з вялікім святам звярнуўся да людзей старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Працягнуў гэту вітальную святочную эстафету рэдактар газеты “Мінская праўда” Мікалай Літвінаў, які прыехаў павіншаваць валожынцаў ад імя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Словы прывітання адрасавалі прысутным старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, камандзір мясцовай воінскай часці Міхаіл Уладзіміравіч Барушка. Ад імя моладзі ўдзельнікаў урачыстасці вітаў Максім Войтаў.

Ліпеньскае свята – сімвал нашага нацыянальнага гонару, наша вялікая духоўная святыня. І гэту думку падкрэслілі ў сваіх выступленнях расійскія госці, якія па традыцыі прыязджаюць да беларусаў, як да самых блізкіх і дарагіх суседзяў. На гэты раз была дэлегацыя з Арзамаса, а таксама з горада-пабраціма Зарайска, што ў Маскоўскай вобласці. Звяртаючыся да прысутных, Кацярына Мікалаеўна Сцяпанава падкрэсліла важнасць таго факта, што ўжо 20 гадоў у постсавецкі перыяд братэрскія сувязі цесна звязваюць беларусаў і расіян. Яна выказала шчырае захапленне сучаснымі дасягненнямі Беларусі, выключным парадкам і чысцінёй, якімі выйгрышна вылучаецца наша сінявокая старонка сярод рэспублік былога Саюза. Нездарма яе называюць квітнеючай. Не выпадкова, падкрэсліла расійская госця, тут можна сустрэць столькі прыгожых буслоў. А гэта значыць, што на нашай зямлі пануе светлая аўра, што душы людзей напоўнены высакароднасцю, чыстымі памкненнямі.

У 22.55 над плошчай РАЙЦЭНТРА паплылі велічныя словы:

“Мы беларусы – мірныя людзі!

Сэрцам адданыя роднай зямлі!

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і…”

Так распачалася рэспубліканская акцыя “Спяваем Гімн разам”. Сэрцы ўсіх прысутных біліся ва ўнісон, патрыятычныя  пачуцці аб’ядноўвалі сотні людзей. Гэта былі асаблівыя хвіліны, бо кожны з выканаўцаў, прысутных на гарадской плошчы ўсведамляў, што ўся краіна ў гэты час славіць зямлі нашай светлае імя…

Рэпартаж са свята вялі: тэкст Ірыны ПАШКЕВІЧ;

фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА, Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий