Разам у жыцці і творчасці

Важное Культура

У раёне працягваецца рэалізацыя праекта “Вучымся кіраваць сваёй будучыняй”, што фінансуецца Каралеўствам Нідэрландаў (фонд Матра). Ініцыятар пачынання – Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Удзельнікамі праекта ўжо праведзена значная частка запланаванай работы. Гэта семінары-трэнінгі на тэму “Змяненне адносін грамадскасці да правоў чалавека з інваліднасцю”, семінары асабовага росту для навучэнцаў ДУА “Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў”, інфармацыйна-аналітычная і асветніцкая работа сярод школьнікаў. У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй астатнія масавыя мерапрыемствы перанесены на больш позні тэрмін. Аднак работа ў рамках праекта працягваецца.

Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме – адзін з асноўных сацыяльных партнёраў праекта – ладзіць конкурсы (сачыненняў “Мы разам” і малюнкаў “Разам мы зможам!”), прымеркаваныя да Міжнароднага дня барацьбы за правы інвалідаў (адзначаецца 5 мая). На суд журы творчыя работы прадставілі сто навучэнцаў 9-10-х класаў з Ракаўскай, Івянецкай, Гародзькаўскай, Вішнеўскай і Суднікаўскай школ. Асноўная тэматыка твораў – узаемаадносіны здаровых дзяцей з равеснікамі, якія маюць тую ці іншую ступень інваліднасці.

Згодна з планам дзейнасці, у рамках праекта 40 найбольш актыўных і таленавітых удзельнікаў конкурсаў будуць адзначаны падарункамі. Вынікі плануецца падвесці ў пачатку мая. Лепшыя малюнкі стануць часткай святочнага аздаблення Дня абароны дзяцей, а лепшыя сачыненні ўбачаць свет на розных сайтах і старонках друкаваных СМІ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ