Перамога абавязвае!

75 лет Великой Победе!

Надыходзіць вялікае свята – 75-годдзе Перамогі ў апошняй сусветнай вайне. Называю яе так, таму што сапраўды яна можа быць апошняй. Аб гэтым пісалі і пішуць зараз вялікія мысляры, філосафы, вучоныя. Напрыклад, Альберт Эйнштэйн быў упэўнены, што калі пачнецца трэцяя сусветная вайна, то падчас чацвёртай ваяваць давядзецца… палкамі.

Гэты дзень, вядома, – грандыёзная падзея, якая для кожнага з нас поўніцца высокім сэнсам. Напярэдадні 9 мая хачу сказаць дзякуй сваім родзічам – дзеду, бацьку, брату, маці – за іх намаганні на цяжкім шляху да Перамогі. Напэўна, такія пачуцці адчувае кожны беларус. На працягу ўсёй нашай гісторыі продкі змагаліся за вольнае жыццё, былі верныя гонару і годнасці. Гэта былі сапраўдныя ваяры. Традыцыі, выпеставаныя пакаленнямі, жылі ў іх памяці, культура і вера – у душах.

Многія сем’і з Валожыншчыны страцілі ў апошняй вайне сваіх родных і блізкіх. Светлая ім памяць! Тут іх шануюць і помняць. У раёне налічываюцца 55 памятных знакаў, стэлаў, помнікаў савецкім салдатам, партызанам і ахвярам фашызму. Яны ўсе знаходзяцца на ўліку, утрымліваюцца ў дагледжаным стане. Да іх не зарастае народная сцяжына.

Хочацца выказаць удзячнасць ваеннаслужачым падшэфнай часці, якія выканалі вялікую работу па аднаўленні помніка Невядомаму салдату каля вёскі Кіявец Пяршайскага сельсавета. Савецкія воіны загінулі тут у першыя дні вайны ў няроўным баі з захопнікамі і былі пахаваны мясцовымі жыхарамі. У дзень адкрыцця адрамантаванага помніка сюды прыйшлі і ўдзельнікі работ, і жыхары, каб ушанаваць памяць загінуўшых. Вядома, што і ў Дзень Парамогі тут будуць ускладзены кветкі.

Тут можна зрабіць унікальны мемарыяльны комплекс, якіх не так ужо многа. Есць міжнародны праект “Дзеля славы агульнай Перамогі”, пры фінансаванні якога былі выкананы работы і ў Валожынскім раёне па аднаўленні помнікаў загінуўшым воінам.

Успамінаецца лёс маёй сям’і. Старэйшы брат пайшоў на фронт. Мы так чакалі ад яго вестачкі! Пасля ж, на жаль, прыйшла пахаванка. Кастусь загінуў у баях за горад Банску Шцявніцу ў Чэхаславакіі 7 студзеня 1945 года.

Мае спробы знайсці магілу брата доўга не давалі вынікаў. У 1982-м я паехаў на ўказанае ў пахаванцы месца – у вёску Жэмбяроўцы. Жыхары сустрэлі ветліва. Кіраўнік мясцовай улады Ладзіслаў Яжэнскі расказаў, што тут быў цяжкі бой за горад у гарах. Ён успамінаў: у вёску на падводах звозілі параненых і забітых. Першым аказвалі медыцынскую дапамогу, апошніх пахаваў каля сцяны касцёла жыхар-вінаградар гэтай вёскі Ян Гонда. Там я даведаўся, што пазней парэшткі салдат былі перазахаваны ў горад Штураве (зараз Славакія). Я тут убачыў ваенны мемарыял Чырвонай Арміі, дзе захаваны 5433 чырвонаармейцы. У той час устаноўлена было толькі каля 30 пліт з імёнамі. Я аддаў пашану ўсім, хто тут пахаваны, з надзеяй у наступны раз устанавіць пліту памяці аб сваім браце. Але абставіны змяніліся. Так і не выканаў наказ маці – аддаць апошнюю пашану яе сыну. Цяпер, як пішуць у Інтэрнэце, дзякуючы фінансавай падтрымцы амбасады Расійскай Федэрацыі, на могілках у 2016 годзе ўстаноўлены гранітныя пліты з асабістымі данымі 4473 салдат і афіцэраў. У спіску Кастуся няма. Ён, магчыма, у ліку невядомых. Трэба зноў шукаць. Гляджу на пахаванку, пішу, а слёзы ў вачах… Можа, хто ведае, з чаго пачынаць? Адгукніцеся. Буду ўдзячны. Прыемна, што тут, на малой радзіме, устаноўлены помнік воінам-землякам былога Яршэвіцкага сельсавета, дзе ўвекавечана прозвішча і майго брата.

Другі брат Віктар у час вайны ў юнацкім узросце аказаўся ў Германіі. Пра яго лёс таксама доўга сям’я не ведала. Яму, хоць і з цяжкасцямі, удалося вярнуцца дадому. Брат Анатоль, які быў у той час малым хлапчуком, цяпер ужо мала што помніць пра тыя падзеі, а калі і ўспамінае, вельмі хвалюецца.

Мой бацька Уладзімір не быў на апошняй вайне – узрост не дазволіў. У маладосці ён адслужыў сем гадоў у войску. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне з кайзераўскай Германіяй. 3 1914 года разам са старэйшым братам Іванам быў на фронце. Ваявалі ў адной роце, у адным акопе. Бацька быў цяжка паранены. Пасля дзевяцімесячнага лячэння ў шпіталі ў Маскве зноў вярнуўся на фронт. Родную вёску Шэлеўшчыну, што каля Івянца, убачыў толькі ў 1917 годзе. Затым жаніўся з Елісаветай Камінскай. Пераехаў да яе ў Навіны і працаваў на зямлі. У іх нарадзіліся сямёра дзяцей. Зараз ужо ёсць 14 унукаў, а праўнукаў яшчэ больш.

Я эпізодаў вайны не помню зусім. Толькі з успамінаў маці ведаю наступнае. Калі немцы прыйшлі ў нашу вёску і наладзілі допыт яе жыхароў (іх цікавіла: ці былі тут партызаны?), бабка Алена пасадзіла двухгадовага мяне ў санкі і хацела адвезці да родных у Ракаў. Запомнілася пасляваеннае дзяцінства. Вучыўся ў Кіявецкай пачатковай школе, затым у Крывіцкай сямігадовай, а скончыў Ракаўскую сярэднюю школу. Чаму аб гэтым пішу? Пры выдачы атэстата мне запісалі іншае прозвішча – дабавілі ў ім суфікс “ін”. Можа, гэта была памылка? Тады не звяртаў увагі. А цяпер шкада, таму часта пішу і сапраўднае бацькава прозвішча.

Адзначаючы 75 гадоў Перамогі, можна сцвярджаць: пакуты ваеннага ліхалецця кранулі многія сем’і. У Беларусі ў час вайны загінуў кожны трэці яе жыхар. Гэта ўжо ўстаноўлены факт. Выснова адназначная: без ахвяр не было б і Перамогі. Важна берагчы памяць аб загінуўшых на фронце і ўвогуле аб усіх ахвярах вайны. Мы павінны помніць і аб тым, што нарадзіўся фашызм больш за 500 гадоў таму назад з ідэяй “паходу на Усход”. Той фашызм быў пры ўдзеле нашых продкаў пераможаны ў бітве пад Грунвальдам у 1410 годзе. Правал ідэі фашызму пацверджаны і вынікам дзвюх апошніх сусветных войнаў.

Цяпер аб нашым праекце. Калі ўлічыць, што на тэрыторыі Пяршайскага сельсавета знаходзяцца каля 20 помнікаў культуры, гісторыі і прыроды, наша “Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвейераў на транспарце” (ГА БАЭС) распрацавала канцэпцыю адраджэння рэгіёну і просіць Валожынскі райвыканкам разгледзець яе. Наш праект тычыцца адраджэння і добраўпарадкавання вёсак, вуліц, дарог, пешаходных пераходаў, помнікаў, месцаў працы, адпачынку і турызму. Гэта своеасаблівы кластар розных аб’ектаў, якія адпавядаюць указанай вышэй мэце. Такія кластары можна планаваць і ў іншых знакамітых мясцінах нашага раёна.

Неабходна зрабіць першы крок, сказаць сабе: трэба імкнуцца да лепшага – няглядзячы ні на што! Палова з названых у праекце аб’ектаў ужо адноўлены, частка з іх адраджаецца.

Напрыканцы хачу павіншаваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, усіх маіх землякоў з Днём Перамогі, пажадаць моцнага здароўя, шчасця, поспехаў, дабрабыту, міру на Зямлі – па сутнасці ўсяго, што паэт Алесь Бачыла выказаў у сваім вершы “Радзіма”:

Чужое зямлі нам не трэба,

Пачуцці ва ўсіх нас адны:

Мы хочам, каб мірнае неба

Не знала пажараў вайны.

 

Уладзімір КАПУСЦІН,

генеральны дырэктар грамадскага аб’яднання БАЭС, эксперт