Дзецям вайны – увага

75 лет Великой Победе!

Напярэдадні Дня Перамогі сустракала гасцей жыхарка вёскі Ракаў, былы вязень фашысцкага канцлагера Леаніда Лявонцьеўна КУКЛІС. Спачатку ў дом да пажылой жынчыны завіталі прадстаўнікі ДРБУ № 167. Як патлумачыла старшыня прафкама арганізацыі Таццяна Радзько, у свой час дарожнікі ажыццяўлялі апеку над некалькімі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Пазней, калі франтавікі пайшлі з жыцця, было прынята рашэнне наладзіць сяброўскія стасункі і па магчымасці дапамагаць чалавеку, што ў дзіцячыя гады стаў ахвярай фашызму.

На гэты раз сваёй падапечнай Таццяна Іосіфаўна даставіла падарунак у выглядзе харчовага набору, а таксама ад усяго калектыву арганізацыі перадала ёй і яе сям’і віншаванні з надыходзячым святам.

Не паспелі Леаніда Лявонцьеўна і яе дачка Наталля сустрэць адных візіцёраў, як услед за імі ў дом завіталі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Таццяна Крыкала і інспектар ТЦСАН Святлана Кунцэвіч даставілі пажылой жанчыне юбілейны медаль, віншаванне ад кіраўніцтва раёна і падарунак – набор пасцельнай бялізны. Дарэчы, у гэты дзень Таццяна Мікалаеўна і Святлана Антонаўна наведаліся па 12 адрасах, дзе павіншавалі былых дзяцей вайны і ветэрана Генадзія Якаўлевіча Канцавога.

Што тычыцца Леаніды Лявонцьеўны, жанчына не магла знайсці слоў, каб выказаць удзячнасць усім, хто пра яе не забывае. Яна ведала, што ў хату зойдуць “людзі з раёна”, таму хораша апранулася, стол упрыгожыла паштоўкай з 9 мая, паставіла распяцце і побач паклала ружанец. “Я за вас усіх заўсёды малюся”, – сказала нам і нават праслязілася.

Ёй 84 гады, але ваенны час помніць настолькі яскрава, быццам было тое ўчора…

Сям’ю рэпрэсіравалі ў 1939 годзе. Самае крыўднае, што бацька быў усёй душой адданы савецкай уладзе, працаваў старшынёй калгаса. Але брат яго жыў у Польшчы, зрабіў ваенную кар’еру. Менавіта гэты факт стаў падставай, каб іх усіх вывезлі пад Карэлафінск. Там улічылі вопыт бацькі і зноў прызначылі кіраваць калгасам. Калі прыйшлі немцы, сям’я трапіла ў канцэнтрацыйны лагер. Такой долі пазбеглі толькі старэйшыя сыны – былі на фронце.

Чатыры гады муж, жонка і іх пяцёра дзяцей працавалі на заводзе па вырабе цэглы. Што яны вынеслі, цяжка апісаць. Мала таго, што было холадна і голадна, ні на хвіліну не пакідаў страх, што могуць забіць. А забойствы, здзекі і збіванні чыніліся па любой прычыне.

У самым канцы вайны іх вывезлі ў Фінляндыю, а адтуль хацелі адправіць у Германію, але не паспелі – савецкія войскі разбамбілі параход. Былыя вязні пэўны час жылі і працавалі ў Хельсінкі, затым іх адправілі ў СССР. Сям’я нашай гераіні апынулася ў Пскове, дзе даволі працяглы час шчыравалі на будоўлі. І толькі ў 1947 годзе Леаніда Лявонцьеўна ўбачыла родную Беларусь.

Яе ўспамінаў хапіла б на цэлы раман. Толькі ў дзіцячыя гады яна, можна сказаць, пражыла некалькі жыццяў. Але цярплівасць, уменне верыць і спадзявацца дазволілі гэтаму чалавеку годна справіцца са шматлікімі выпрабаваннямі.

Паважаная Леаніда Лявонцьеўна, рэдакцыя газеты “Працоўная слава” далучаецца да віншаванняў у Ваш адрас. Жывіце доўга-доўга, заставайцеся здаровай і ніколі не страчвайце свой аптымізм. Мы ўдзячны за супрацоўніцтва, за ўспаміны. Спадзяёмся яшчэ не раз звяртацца да Вашай багатай незвычайнымі фактамі біяграфіі. З Днём Перамогі віншуем таксама ўсіх дзяцей далёкіх саракавых гадоў, чыё маленства і юнацтва абпалены вайной. Шчасця вам і мірнага неба над галавой.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара