9 мая 1945 года стала светлай і незабыўнай датай

75 лет Великой Победе! Главное

 

Паважаныя жыхары Міншчыны!

Ад усёй душы віншую вас з 75-й гадавінай Вялікай Перамогі!
У гісторыі нашага народа 9 мая 1945 года стала светлай і незабыўнай датай, сапраўдным святам са слязамі на вачах. Перамога над самым крывавым агрэсарам усіх часоў была здабыта ахвярным гераізмам нашых байцоў у вогнішчах баёў, непасільнай працай у тыле, дзе кавалася ўсё неабходнае для фронту. Найцяжэйшыя выпрабаванні абрушыліся на зямлю Беларусі, гарады і вёскі якой былі ператвораны ў руіны і попел. Зверствы акупантаў не зламалі дух народа. На свяшчэнную барацьбу падняліся і старыя, і малыя. Беларускія патрыёты змагаліся на ўсіх франтах, у партызанскіх атрадах і падполлі.
Вялікі ўклад у разгром ворага ўнесла і наша родная Міншчына. За доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях Вялікай
Айчыннай, больш за 80 яе ўраджэнцаў і жыхароў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.
На жаль, час нікога не шкадуе. Сёння ўсё менш і менш з намі жывых сведак і аўтараў Вялікага Подзвігу савецкага народа. Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны!
Назаўсёды ў нашай памяці застануцца тыя, хто змог прайсці праз ваеннае ліхалецце, перад кім мы ў неаплатным даўгу. Вечная слава ўсім, хто аддаў жыццё за нашу свабоду, за шчасце будучых пакаленняў!
Наш абавязак – быць дастойнымі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Няхай іх подзвіг заўсёды будзе для нас крыніцай гонару і натхнення на яркія здзяйсненні.
Са светлым святам вас, дарагія землякі! З Днём Перамогі!

Аляксандр ТУРЧЫН,
старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

 

Паважаныя ветэраны, шаноўныя валожынцы і госці нашай зямлі!

Ад усёй душы віншуем вас з Днём Вялікай Перамогі!
Гэта значнае і хвалюючае для кожнага жыхара нашай краіны свята. Мы адзначаем яго як даніну памяці і глыбокай павагі да слаўных абаронцаў Айчыны. Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялікая Перамога, як сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці народа, застаецца навечна ўпісанай у гераічны летапіс нашай Радзімы!
Дарагія ветэраны, мы шануем і памятаем вашы франтавыя і працоўныя подзвігі. Нізкі ўсім вам паклон за тое, як самааддана, гераічна на фронце і ў тыле набліжалі доўгачаканы Дзень Вялікай Перамогі, як аднаўлялі краіну з руін. Здабыты вамі мір і сёння натхняе сучаснікаў на новыя здзяйсненні, умацоўвае дух, дапамагае пераадольваць цяжкасці і ісці наперад. Дзень Перамогі – гэта тое, што аб’ядноўвае нас і робіць непахіснымі перад любымі выпрабаваннямі. І сёння наша задача – не даць маладым пакаленням забыцца пра тое, якой цаной, якой выключнай мужнасцю, адзінствам волі і сілай духу была заваявана Перамога.
Паважаныя ветэраны, жыхары і госці Валожыншчыны, у гэта вялікае свята ад усёй душы жадаем вам здароўя, дабрабыту, мірнага неба і невычэрпнай веры ў лепшую будучыню.
З Днём Перамогі ўсіх!

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген КРУКОВІЧ,
старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр БІБІК

 

Паважаныя жыхары Міншчыны, дарагія ветэраны!

9 мая адзначаецца светлае і радаснае свята – Дзень Перамогі. Ён даўно ўвайшоў у наша жыццё як сімвал свабоды, гераізму, дружбы і салідарнасці. У гэты дзень мы па-асобаму, з удзячнасцю і прызнаннем успамінаем ратны і працоўны подзвігі старэйшых пакаленняў, ветэранаў і ўдзельнікаў самай працяглай і кровапралітнай вайны.
Сёння наша памяць звернута менавіта да тых, хто набліжаў гэту дату. Немагчыма пераацаніць уклад і заслугі ў Перамогу жыхароў Міншчыны, якія самааддана змагаліся супраць ненавіснага ворага і зведалі неймаверныя нягоды вайны. Дзякуючы вашаму гераізму і мужнасці, дарагія ветэраны, мы маем магчымасць мірна жыць, працаваць і выхоўваць дзяцей. І няхай яны ніколі не пазнаюць жахаў вайны.
Нізкі паклон вам, адважныя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, мужныя працаўнікі тылу і тыя, хто аддаў сваё жыццё ў імя выратавання Радзімы! Шчырая вам падзяка ад нас і будучых пакаленняў!
Наша мірная праца сёння з’яўляецца годным працягам памяці тых гераічных дзён. Мы з упэўненасцю глядзім у будучыню і робім усё магчымае ў імя міру і шчасця на Зямлі.
Сардэчна віншую ўсіх са святам Вялікай Перамогі! Жадаю моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту, аптымізму, цяпла і ўтульнасці ў вашых дамах і сем’ях.

Наталля ЯКУБІЦКАЯ,
старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў

 

Дарагія ветэраны!

Шаноўныя валожынцы!

Шчыра віншую вас з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – вялікім святам у гісторыі нашага народа, у якім зліліся ў адно душэўны боль аб цяжкіх стратах і светлая радасць Вялікай Перамогі.
Нягледзячы на тое, што той слаўны дзень усё далей адыходзіць у глыбіню гадоў, Перамога мае вялікае значэнне для нашай Радзімы. На жаль, сёння засталося мала людзей, якім мы можам асабіста сказаць “дзякуй” за подзвіг. Але мы павінны зрабіць усё, каб цяперашняе і будучае маладыя пакаленні заўжды памяталі і паважалі гэту дату і ўсё тое, што за ёй стаіць. Няхай кожны малады чалавек ведае, якіх страт каштавала нам страшная вайна, і ніколі не здрадзіць ідэалам, крывёй напісаным на нашай зямлі: наша Радзіма – гэта Радзіма вялікага непакоранага народа.
Выказваю прызнанне і нізкі паклон ветэранам за мірнае неба. Вам, а таксама ўсім валожынцам жадаю здароўя, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця, і каб больш нікому і ніколі не давялося адчуць выпрабаванняў вайны!
Міру і шчасця ўсім!

Алег СЕМЯНЧУК,
дэпутат Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання