Як працавалі школы раёна ў 1944-1945 навучальным годзе…

75 лет Великой Победе! Важное

У дакументах архіўнага фонду Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі ў матэрыялах па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў над савецкімі грамадзянамі Валожынскага раёна Маладзечанскай вобласці пазначана, што на тэрыторыі раёна пацярпелі 2952 мірныя жыхары. З іх 1954 чалавекі былі расстраляны, 512 – спалены і 486 – сагнаны ў нямецкае рабства.

Але вайна, нарэшце, скончылася… Людзям неабходна было вяртацца да звыклага жыцця, хадзіць на працу, адпраўляць дзяцей у школу.

У дакументах архіўнага фонду аддзела народнай адукацыі выканкама Маладзечанскага аблсавета дэпутатаў працоўных са справаздачы аб працы школ за 1944-1945 навучальны год можна даведацца пра тое, што адбывалася ва ўстановах адукацыі Валожынскага раёна. У пачатку навучальнага года ў раёне былі 53 пачатковыя, 10 пачаткова-сярэдніх і адна сярэдняя школы, класаў у іх налічвалася 187. Усяго вучылася 7917 хлопчыкаў і дзяўчынак. Аднак на працягу навучальнага года са школ па розных прычынах выбылі 220 чалавек. Хтосьці з’ехаў у Польшчу ці іншы раён, хтосьці не хадзіў у школу з-за адсутнасці адзення і абутку.

Пачатковыя школы былі размешчаны ў дзяржаўных памяшканнях, а таксама ў часткова прыстасаваных наёмных сялянскіх хатах. У пачатку навучальнага года дапаможнікаў і падручнікаў не мелася. Настаўнікамі вялася работа сярод насельніцтва па зборы кніг, што захаваліся з 1941 года. Знайшліся 3224 асобнікі, з імі і пачалі адукацыйны працэс.

Школы былі забяспечаны падручнікамі на 10-12%. Наглядныя дапаможнікі, акрамя некаторых геаграфічных карт, з абласнога аддзела народнай адукацыі не паступалі. Таму іх стараліся вырабляць самі. У пяці ўстановах адукацыі спецыяльна для гэтага арганізавалі гурткі, але іх праца была недастатковай, паколькі сваю дзейнасць яны распачалі толькі ў лютым 1945 года.

Усяго працавалі 172 настаўнікі: 141 – для I-IV класаў, 30 – для V-VII класаў, 1 – для VIII класа.
Навучальныя праграмы па кожным прадмеце (выключаючы гісторыю), выканалі цалкам. З 1108 вучняў IV класаў да іспытаў былі дапушчаны 845, скончылі школу – 650, перанесены экзамены на восень для 195-і. Выдатнікаў налічвалася 162. Экзамены паказалі, што веды ў дзяцей трывалыя. Настаўнікі прыклалі шмат намаганняў для арганізацыі вучобы.

Недахоп падручнікаў і пісьмовых прылад у значнай ступені адбіўся на якасці выкладання і ведаў па рускай і беларускай мовах. Для першага класа не хапала буквароў. Дзеці вучыліся чытаць і пісаць па запісах. Работа па развіцці вуснай і пісьмовай мовы вялася з дапамогай адпаведных практыкаванняў, пісьмовых работ, пераказаў і інш. пры вывучэнні літаратурных твораў.

Таксама актыўна ішла барацьба па ўкараненні правіл паводзін сярод школьнікаў шляхам пастаяннага назірання з боку настаўнікаў, бацькоў і грамадскіх арганізацый за выкананнем кожнага пункта “Правіл для вучняў”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі актыўны ўдзел у грамадска карыснай працы. Яны сабралі грашовыя сродкі на танкавую калону, пабудову самалётаў, падарункі для байцоў. Назбіралі 533 кг шчаўя, 253 кг хрэну, 17 кг жалудоў, 8 кг лекавых траў, 18 кг дубільнай кары. Вясной 1945 года пасадзілі 1277 пладовых і 250 дэкаратыўных дрэў. Узялі шэфства над магіламі герояў Айчыннай вайны – абгарадзілі і пасадзілі кветкі.

Ва ўсіх установах выпускаліся насценгазеты, якія прымяркоўвалі да святочных дат. Ваенна-фізкультурная работа вялася на занятках адпаведных гурткоў. Пры школах былі арганізаваны спортпляцоўкі, інвентар для іх выраблялі самі дзеці і іх бацькі.

Працавалі 86 гурткоў мастацкай самадзейнасці, у якіх прымалі ўдзел 1619 вучняў; 17 прадметных гурткоў, дзе займаўся 381 чалавек; 11 гурткоў рукадзелля, што наведвалі 220 вучняў; 7 абаронных і 1 тэхнічны.

Пры 48 установах існавалі прышкольныя ўчасткі. На іх былі арганізаваны вопытныя палі для навучання дзяцей аграноміі, а астатнюю зямлю засеялі рознымі культурамі: жытам, ячменем, бульбай.

У пачатку навучальнага года сваіх бібліятэк не было ні ў адной установе. Да лета ж у кожнай з’явілася невялікая бібліятэка. У кніжным фондзе ўжо быў 4051 асобнік. Пазакласным чытаннем ахапілі 3471 вучня. Акрамя таго, 151 школьнік горада карыстаўся раённай бібліятэкай.

У 5 школах былі створаны камсамольскія арганізацыі, у 10 – піянерскія, а простыя вучнёўскія – у кожнай установе. Іх дзейнасць накіроўвалася на паляпшэнне якасці вучобы, акуратную падрыхтоўку ўрокаў, укараненне культуры і дысцыпліны вучняў, іх згуртаванне ў адзін дружны калектыў, арганізацыю дапамогі Чырвонай Арміі, правядзенне рэвалюцыйных свят. Дырэктары, завучы школ прымалі актыўны ўдзел у працы піянерскіх арганізацый, праводзілі з рабятамі гутаркі на зборах, аказвалі дапамогу ў выпуску насценгазет, у правядзенні ранішнікаў. Кіраўніцтва шляхам наведвання ўрокаў праводзіла кантроль за працай. Абследаванне ўстаноў школьнымі і грамадскімі інспектарамі праходзіла па плане.

Падрыхтоўка да новага 1945-1946 навучальнага года павінна была пачацца загадзя. Школамі было сабрана 27535 рублёў авансаў на закуп падручнікаў, але набыты яны не былі. Пісьмовымі прыладамі і навучальнымі дапаможнікамі таксама не забяспечаны.
З мэтай паляпшэння работы раённы аддзел народнай адукацыі намеціў укамплектаванне апарату райана другім інспектарам і загадчыкам метадычнага кабінета, павелічэнне штату грамадскіх інспектараў, арганізацыю пры сярэдняй і пачаткова-сярэдняй школах метадычных камісій і гурткоў па вырабе наглядных дапаможнікаў.

Паступова Беларусь адыходзіла ад цяжкіх наступстваў вайны. Пераадольваючы шматлікія цяжкасці першых пасляваенных гадоў, наладжвала працу і агульнаадукацыйная школа.

Артыкул падрыхтаваны архівістам аддзела
выкарыстання дакументаў і ўкаранення аўтаматызаваных тэхналогій
Аленай ТАМКОВІЧ