Медаль, роўнавялікі ордэну

Главное

Гэты медаль “За отвагу” я помню з самага дзяцінства. Праўда, сярод іншых ваенных узнагарод майго бацькі Пятра Іосіфавіча Рагойшы (1914-1985) – “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”, а таксама пасляваенных, бліскучых, што адлівалі золатам, у тым ліку ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені, – ён нічым не выдзяляўся. Хіба што ў горшы бок. Надта цёмны, вельмі просты: пасярэдзіне вялікімі літарамі “ЗА ОТВАГУ”, зверху ад надпісу – сімвалічныя тры самалёцікі, знізу – танк і абрэвіятура “СССР”. Адзінае, чым адрозніваўся ад іншых, – на адвароце быў выбіты персанальны нумар: 2208423. Толькі пасля мне бацька растлумачыў: цёмны медаль, бо зроблены з чыстага срэбра, якое акісляецца, і самы вартасны з усіх медалёў, раўназначны колішняму царскаму Георгіеўскаму крыжу. “Тата, – пытаўся я, – а за што ім Вас узнагародзілі?” (зварот дзяцей да бацькоў на “Вы” быў у нас калісьці традыцыйны). “За адвагу ў баях з фашыстамі”, – лаканічна адказваў ён.

Нашмат пазней, пры розных акалічнасцях, бацька расказаў пра цяжкія баі ва Усходняй Прусіі, дзе загінуў яго родны брат Іван (“считать пропавшим без вести в феврале 1945 г.”), дзе быў цяжка паранены другі брат Рыгор (толькі лячэнне ў маскоўскай клініцы Скліфасоўскага яму выратавала жыццё), дзе сам ён быў не раз за крок ад смерці. Проста дзіву даешся, як ён, радавы сапёр 12-га асобнага інжынерна-сапёрнага ордэна Кутузава батальёна 8-й штурмавой інжынерна-сапёрнай Нёманскай брыгады Рэзерва Галоўнага Камандавання, выжыў у той калатнечы. Відаць, дапамагла звычайная ўдача, а таксама ранейшая вайсковая вывучка: у свой час ён, заходнебеларускі хлопец, адбыў вайсковую службу ў польскай арміі, затым у яе складзе, на самым пачатку Другой сусветнай вайны, з нейкі месяц паваяваў з немцамі на львоўскім напрамку. Маладзейшых Івана і Рыгора, прызваных у армію пасля вызвалення ад фашыстаў іх Радашковіцкага раёна, па сутнасці неабучаных (тыдні два з імі пазаймаліся ў Барысаве), кінулі, як і бацьку, на тую ж “непрыступную крэпасць” (так немцы, выхваляючыся, называлі не толькі Кёнігсберг, але і ўсю Усходнюю Прусію).

“Тата, а Вы хоць аднаго немца забілі?” – дапытваўся я, хочучы пачуць пра яго неверагодныя геройскія подзвігі. Адзін з маіх школьных таварышаў хваліўся, як яго бацька “снапамі клаў немцаў”, а пасля, калі служыў у Смершы, “уласнаручна расстрэльваў дэзерціраў, розных падонкаў”. “А хто яго ведае, – ухільна адказваў тата, – я, як і іншыя, страляў, відаць, і мая куля ў нейкага ворага папала…”

Перад маімі школьнымі таварышамі, у некаторых з якіх бацькі ўвогуле загінулі на вайне, тады я нічым не мог пахваліцца. Хіба што прысланай бацькам з фронту сваёй жонцы і цудам уцалелай нямецкай паштоўкай, на адным баку якой – хлопчык з пальцам у роце (мяне таксама доўга не маглі адвучыць ад гэтай звычкі) перад козлікам, што навастрыў на яго рожкі, на іншым – бацькаў тэкст без даты:

“Знахожусь в городе Гданьск, где пришлося участвовать в сильных уличных боях, сейчас город освобожден, живем пока спокойно. Извини, Валентина, что так мало написал, потому что не было время. Пиши больше, как Славик годуитца, что в деревне слышно. Досьвидання”.

У розны час я чуў ад бацькі пра крывавыя баі за Кёнігсберг, які быў абкружаны не менш чым шасцю эшалонамі ўмацаванняў: мінныя палі, супрацьтанкавыя канавы і навалы з чыгуначных рэек, калючая агароджа, лінія дзотаў і дотаў, рады траншэй і інш. Усё гэта трэба было пераадолець іх штурмавой інжынерна-сапёрнай брыгадзе, каб затым пачалі дзейнічаць свае танкі і пяхота. Час ад часу расказваў ён і пра наладжванне перапраў праз Одэр і іншыя малыя і вялікія рэкі пад густымі нямецкімі бамбёжкамі, і пра размініраванне мінных палёў, таксама пад абстрэламі, і пра радасную сустрэчу з амерыканцамі на Эльбе… Толькі пасля смерці бацькі, разбіраючы яго паперы (самому яму, вечна занятаму рахункаводу калгаса, а пасля бухгалтару саўгаса, было не да таго), я знайшоў адзін дакумент, які хоць часткова расказаў пра цяжкі яго шлях да Перамогі, на якім ён мог не аднойчы лёгка загінуць. Ды, відаць, Усявышні ратаваў яго ад пагібелі. Вось гэты дакумент, выдадзены “чырвонаармейцу Рагойшу Пятру Іосіфавічу”, падпісаны “камандзірам часці маёрам Ермаковым”, завераны пячаткай часці. Цытую яго ў арыгінале:

“Приказом Верховного Главнокомандующего Генералиссимуса т. Сталина всему личному составу нашего соединения, в том числе и Вам, принимавшему участие в боях, ОБЪЯВЛЕНА БЛАГОДАРНОСТЬ.
1. За форсирование реки Неман и прорыв сильно укрепленной обороны немцев на западном берегу реки Неман.
(Приказ 31 июля 1944 года)
2. За прорыв долговременной, глубоко эшелонированной обороны противника и вторжение в пределы Восточной Пруссии.
(Приказ 23 октября 1944 года)
3. За прорыв линии обороны западнее гор. Конитц и за овладение на территории Померании гг. Щлохау, Штегерс, Хаммерштайн, Вальденберг и Бублиц.
(Приказ 27 февраля 1945 года)
4. За овладение городами Лауэнбург и Картхауз.
(Приказ 10 марта 1945 года)
5. За овладение важными опорными пунктами обороны немцев на подступах к Данцигу и Гдыне городами Диршау, Нойштадт и Путциг.
(Приказ 12 марта 1945 года № 299)
6. За овладение городами Эгёзин, Торгелов, Пазевальск, Штрасбург и Темлин, важными опорными пунктами немцев в Западной Померании.
(Приказ 28 апреля 1945 года № 350)”.

Тут не ўпамінаецца Кёнігсберг, “за взятие” якога бацька быў узнагароджаны спецыяльным медалём, а таксама медалём “За отвагу”. Калі пра сутнасць першай падзеі гаворыць ужо сам надпіс на ўзнагародзе, то за што ён атрымаў медаль “За отвагу”, я даведаўся зусім нядаўна, праз больш чым трыццаць гадоў пасля яго смерці. І даведаўся дзякуючы створанаму адносна нядаўна сайту Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, якое рассакрэціла многія дакументы ваеннага часу, у тым ліку – узнагародныя. Не буду іх таксама перакладаць. Працытую так, як яны напісаны.

Аказваецца, за ўдзел у “сильных уличных боях” (словы бацькі) у Гданску (тагачасная нямецкая назва горада – Данцыг) Рагойша Пётр Іосіфавіч быў прадстаўлены да ўзнагароджання не медалём “За отвагу”, а… ордэнам Чырвонай Зоркі. Чытаю прадстаўленне на тую ўзнагароду – “Наградной лист”, у якім, апрача іншых звычайных даных (прозвішча, званне, месца службы, да якой узнагароды прадстаўлены, калі і якім ваенкаматам прызваны ў армію, партыйнасць, ці мае раненні і кантузіі, узнагароды, і якія), ідзе “Краткое, конкретное изложение личного боевого подвига”. Вось тое канкрэтнае апісанне подзвігу, выкладзена непасрэдным сведкам тых падзей – камандзірам падраздзялення, у якім служыў бацька:

“1. Во время уличных боев в гор. Данциге красноармеец Рагойша действовал смело и решительно. Продвигаясь вдоль улицы, красноармеец Рагойша встретился лицом к лицу с 6-ю немецкими солдатами, но не растерялся и меткой очередью из ППШ он 4-х немцев убил, а двоих взял в плен.
2. За проявленное мужество и геройство красноармеец Рагойша достоин высокой правительственной награды ордена “Красная Звезда”,

Командир 12 отдельного штурмово-саперного ордена Кутузова батальона майор Ермаков. 28 марта 1945 г.”.

 

А вось і сам загад ужо вышэйшага камандавання аб узнагароджанні, разам з іншымі чырвонаармейцамі, Рагойшы Пятра Іосіфавіча медалём “За отвагу” (12 пр., № 0618 ад 4.04.45 г.)
“за образцовое исполнение боевых заданий командования на фронте борьбы с немецкими захватчиками и проявленные при этом доблесть и мужество”. Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР загад падпісаў камандзір 8 штурмавой інжынерна-сапёрнай Нёманскай брыгады РГК палкоўнік Зайцаў.

Шкада, зразумела, што ордэн Чырвонай Зоркі бацька чамусьці не атрымаў. Ды якая, урэшце, розніца! Галоўнае, што мой бацька, сапраўды, быў адважны салдат, што ён унёс свой немалы ўклад у нашу агульную Перамогу.

Вячаслаў РАГОЙША,
доктар філалагічных навук, прафесар БДУ