Памяць мінулай вайны

75 лет Великой Победе!

«Залатое пяро «белай русі»-2019»

Пад такой рубрыкай працягваем друкаваць матэрыялы юных журналістаў Валожыншчыны, якія сталі лепшымі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2019”.

 

Ксенія СІНОШЫНА,
адзінаццацікласніца гімназіі № 1 г. Валожына

 

Намінацыя – “Гэта – наша Перамога. Да 75-й гадавіны вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

На той вайне загінуў кожны трэці…
Але змаглі Радзіму ўратаваць,
Каб сёння мы, сваёй Радзімы дзеці,
Маглі і весяліцца, і спяваць…

Наша краіна даўно залячыла раны вайны. Які ж урок дала нам, сучасным юнакам і дзяўчатам, вайна? Што нам неабходна зрабіць, каб у будучым пазбегнуць такіх трагедый? Я лічу, што гэта залежыць ад нас, ад таго, якія мы, якія нашы думкі, жаданні, пачуцці. Вытокі будучага заўсёды ў мінулым.
Вайна прайшла праз кожную сям’ю, праз кожны лёс, дакладна падзяліўшы час на “даваенны” і “ваенны”. Так было і ў сям’і майго знаёмага Антона Млечкі, прадзядуля якога Мікалай Рыгоравіч Мароз з вёскі Седзіца Вілейскага раёна Мінскай вобласці быў удзельнікам страшных падзей у час Вялікай Айчыннай.

З успамінаў бабулі Антона Валянціны Мікалаеўны Млечка (Мароз): “Пачатак дня суботы 26 чэрвеня 1943 года не прадракаў ніякіх падзей. Жыццё вяскоўцаў ішло сваім парадкам.

Нямецкі афіцэр спрабаваў высветліць у жыхароў, ці ходзяць у вёску партызаны і хто з імі звязаны. Людзі баяліся што-небудзь сказаць. Аднак паліцаі данеслі на сям’ю Мароз. За сувязь з партызанамі афіцэр загадаў ім заперці Мікалая, Міхаіла, Антона і Веру Мароз да раніцы ў склепе. Прыслужнікі пад канвоем павялі патрыётаў. Глыбокае, з тоўстымі бетоннымі сценамі памяшканне стала для братоў і сястры апошнім прытулкам перад расстрэлам. Тонкая льняная кашуля зусім адмаўлялася саграваць Мікалая – сыры, халодны склеп толькі ўзмацняў мелкія дрыжыкі ў целе. Тысячы думак мітусіліся ў галаве, спрабуючы знайсці паратунак са смяротнай пасткі. Гэтай ноччу ніхто з асуджаных да расстрэлу не спаў.

Пачаўся новы дзень – 27 чэрвеня. На досвітку іх пагналі да хутара Кутляны, што праз некалькі кіламетраў ад вёскі. Месца для расстрэлу немцы выбралі ў пасадках маладога лесу. Каты вырашылі свае службовыя будні развеяць імправізаваным паляваннем за людзьмі. Цяпер стаў незразумелы сэнс выбару месца: маленькія, густа пасаджаныя сосны не давалі магчымасці набіраць ахвярам вялікую хуткасць, што расцягвала задавальненне фашыстаў ад “гульні” і зводзіла да мінімуму шанцы ахвяр на жыццё. Вера адмовілася бегчы. Тады немец стукнуў дзяўчыне прыкладам па твары і спакойна выстраліў у яе. Міхаіл і Антон пабеглі ў іншы бок (крыху пазней іх забілі). Тым часам Мікалай усё далей адбягаў па пасадках. Ногі інстынктыўна мянялі кірунак бегу, не даючы магчымасці салдатам прыцэліцца. Калі забег у зараснік, азірнуўся: зразумеўшы, што небяспека прамінула, ногі самі сабой падкасіліся, і ён паваліўся на зямлю.

У невялікай вёсцы Рашаткова, праз некалькі кіламетраў ад месца пакарання, жыла цётка Мікалая. Упэўніўшыся, што немцаў тут не было, толькі з надыходам цемнаты рашыўся зайсці ў дом сваякоў. Выціскаючы з сябе слова за словам, Мікалай пачаў расказваць пра трагедыю, якая адбылася. Скончыўшы свой страшны аповед пра братоў і любімую сястрыцу, у пакоі ўтварылася цішыня…

Пасля шчаслівага выратавання Мікалай ужо больш у бацькоўскі дом не вярнуўся. Па чужых дакументах ён адпрацаваў у Чысці да самага вызвалення ад нямецкай акупацыі. І тут лёс быў прыхільны – засцерагаў ад небяспекі. Ніхто з мясцовых жыхароў яго не пазнаў, а тыя, хто ведалі, – не выдалі немцам. Па сваіх сілах Мікалай дапамагаў партызанам, збіраў неабходную інфармацыю, выконваў розныя заданні”.

15 жніўня 1944 года Мікалая Мароза мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Спачатку службу праходзіў стралком запаснога стралковага палка, з кастрычніка 1944 года – гарматным нумарам палка лёгкай артылерыі. Удзельнічаў у прарыве абароны на рацэ Вісла, вызваляў Лодзь, штурмаваў горад і крэпасць Познань, удзельнічаў у ліквідацыі групы нямецкіх войскаў на паўднёвым усходзе Берліна і, нарэшце, у наступленні на Берлін і ў яго ўзяцці. За кожную з пералічаных вышэй аперацый воін-салдат адзначаны. Вайну скончыў з чатырма баявымі ўзнагародамі: медалямі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй” і ордэнам Чырвонай Зоркі. Анёл-ахоўнік зберагаў яго ўсю вайну. Вярнуўся дадому, не маючы ні тое што раненняў – нават выпадковых драпін.

…На жаль, свайго прадзядулю я не бачыла, але хачу ад імя маіх аднагодкаў сказаць вам, дарагія і паважаныя ветэраны, дзякуй за Перамогу! Мы адчуваем, якое цудоўнае жыццё і наколькі яно каштоўнае для нас! І разумеем: за ўсё, што маем – жыццё і свята ў нашым жыцці, мы абавязаны тым, хто ваяваў, гінуў, выжываў у тых пякельных умовах, калі здавалася, што немагчыма было выжыць.

Мы абяцаем, што будзем цаніць кожны дзень мірнага жыцця, бо лёс падараваў яго нам, каб памятаць.

Пусть не будет войны никогда!
Пусть спокойные спят города.
Пусть сирены пронзительный вой
Не звучит над моей головой.
Ни один пусть не рвется снаряд,
Ни один не строчит автомат.
Пусть оглашают наши леса
Только птиц и детей голоса.
И пусть мирно проходят года,
Пусть не будет войны никогда!