Праблему пераадолеем разам

Важное Общество

У гэты прыгожы, сонечны час хочацца гаварыць пра добрыя, радасныя падзеі. Аднак вірусная эпідэмія не дае такой магчымасці. Зараз мы ўсе стараемся справіцца з нябачным ворагам. Не застаюцца ўбаку ад агульнай справы і прафсаюзы.

Арганізацыя аказвае падтрымку і словам, і справамі. У райкамах галіновых прафсаюзаў, пярвічных прафсаюзных арганізацыях прыняты рашэнні аб стварэнні кас узаемнай дапамогі. Грошы выдзяляюцца членам прафсаюзаў, якія трапілі ў цяжкае становішча (хвароба, лячэнне), а таксама на набыццё сродкаў дэзынфекцыі і абароны органаў дыхання.

Пры абласным аб’яднанні створаны спецыяльны Фонд, куды паступаюць узносы ад усіх прафсаюзных арганізацый сталічнага рэгіёну. Сваю лепту ўнеслі і прафсаюзныя арганізацыі нашага раёна.

На дадзены момант гэты Фонд выдзеліў грошы на закупку масак, якія перададзены ў ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, для работнікаў ДУ “Валожынскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” набыты супрацьчумныя касцюмы і бахілы. За сродкі раённага аб’яднання прафсаюзаў медыкі цэнтральнай раённай бальніцы забяспечаны пітной вадой і крэмам для рук.

У сённяшняй няпростай сітуацыі вельмі важна, каб кожны чалавек адчуваў асабістую адказнасць за захаванне здароўя свайго, блізкіх і калег. Не так даўно прафсаюзы арганізавалі акцыю “Прафсаюзы Міншчыны – медыкам да свята Першамаю”, у рамках якой перададзены прадуктовыя наборы для ўрачоў, сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу, аказана дапамога пацыентам з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі.

Прафсаюзы Валожыншчыны выказваюць словы падзякі вам, дарагія медыкі, за вашу нялёгкую працу і жадаюць здароўя, пазітыўнага настрою. Спадзяёмся, што разам мы зможам пераадолець усе цяжкасці і вырашыць праблемы.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў