Жыву і помню

75 лет Великой Победе!

«Залатое пяро «белай русі»-2019»

Пад такой рубрыкай працягваем друкаваць матэрыялы юных журналістаў Валожыншчыны, якія сталі лепшымі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2019”.

Вадзім АДАМОВІЧ,
вучань 9 класа Сівіцкага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-базавая школа

 

Намінацыя – “Гэта – наша Перамога. Да 75-й гадавіны вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Я вас прашу, не зведаў хто вайны,
Прашу вас, мае дочкі і сыны,
Узяць хоць долю памяці маёй –
Каб потым ёй не зарасці травой.

Анатоль ВЯРЦІНСКІ

 

Памяць аб вайне… Яе не сатрэш гадамі… Яна вечная. І пакуль мы памятаем тых, хто пайшоў ад нас, яны побач, яны з намі. Гэта значыць, жыве сувязь пакаленняў. Гэта значыць, жыве Беларусь!

Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям’і, у чалавечых лёсах. Бяда не абышла і тых, хто вярнуўся дадому з крывавых палёў вайны. Многія памерлі ад франтавых ран, засталіся інвалідамі. Вайна пакінула меткі на кожным пакаленні. Але не гасне памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль. З пакалення ў пакаленне перадаецца эстафета памяці.

Вайна… Гэта страшнае слова даляцела да маёй роднай Сівіцы і навакольных вёсак. Шмат аднавяскоўцаў пайшлі на фронт, многія змагаліся ў партызанскіх атрадах. А колькі людзей загінула, колькі дзяцей асірацела, колькі матуль страціла сваіх дзяцей? Колькі лёсаў загубіла вайна? Думаць аб гэтым балюча, але не думаць – нельга!

Сёння пра тыя фашысцкія злачынствы нагадвае і помнік на паўночнай ускраіне вёскі Вуглы, які пастаўлены на месцы расстрэлу 38 мірных жыхароў 7 жніўня 1943 года. Жыхарка гэтай вёскі Леакадзія Уладзіміраўна Лямбовіч успамінае: “…Людзей расстралялі каля ямы, у якую дагэтуль вуглянцы ссыпалі бульбу. Падалі ў яе і мёртвыя, і параненыя. Некалькі дзён варушылася зямля на тым жудасным месцы, і людзі баяліся падыходзіць да яго. З часам, асмеліўшыся, пачалі раскопваць яму і шукаць сваіх родных і блізкіх. Амаль усіх потым перахавалі на могілках у вёсцы Камень. На тым месцы, дзе зараз стаіць помнік, засталася пахаванай маладая дзяўчына, у якой не было родных…”

Гэты абеліск быў узведзены ў 1967 годзе, дзякуючы намаганням былога старшыні калгаса “Рассвет” Мікалая Іванавіча Галубцова, які прайшоў усю вайну ад пачатку да канца: змагаўся ў Чырвонай Арміі, партызанскай брыгадзе імя Чкалава. Мікалай Іванавіч – ветэран Вялікай
Айчыннай вайны. Узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені і ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Адгрымелі выбухі… З кожным годам вайна ад нас усё далей і далей, а ветэранаў, удзельнікаў той вялікай вайны, застаецца ўсё меней і меней. Мы ўдзячны табе, салдат-пераможца, і зямлі нашай параненай, якая ўсё вынесла на сваіх плячах.

Майму пакаленню вельмі пашанцавала, бо мы не ведаем голаду, як нашы бабулі і дзядулі, не баімся наступнага дня і будучыні, якая прыйдзе. Мы не баімся нічога, бо верым, што наша блакітнае неба застанецца такім назаўсёды. Гулы гармат не будуць перашкаджаць спеву салаўя ў вішнёвым садзе, а замест куль рознакаляровымі агеньчыкамі заззяюць крылы матылькоў. Мы будзем жыць пад мірным небам, бо ведаем, што за нас у Бога ўжо папрасілі. Папрасілі нашы продкі, нашы родныя. Папрасілі таго, чаго ім так не хапала, – мірнага існавання.

Прайшло 75 гадоў… Мы ўсе ўспамінаем зараз Дзень Перамогі. Дзень, калі мара кожнага чалавека, які жыў у той час, здзейснілася. Слёзы радасці і шчасця дачакаліся свабоды, далі сабе волю. І гэтыя слёзы ветэраны збераглі ў сваім сэрцы. Незразумелае пачуццё знаходзіць месца ў маёй душы, калі бачу мокрыя вочы нашых дзядуляў. Навошта ўжо плакаць, калі ўсё прайшло? А потым разумею, што гэта слёзы душэўнага болю, якія з’яўляюцца ў хвіліну, калі думкі пераносяцца ў тыя жудасныя гады вайны.

Аднойчы я задумаўся аб тым, што было б, калі б немцы перамаглі ў вайне? Не было б мяне, маёй сям’і, не было б нашай Беларусі… Аб чым я зараз мару? Чаго хачу? Хачу, каб усе помнілі пра тую вайну, пра тых, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашага жыцця. Помнілі для таго, каб ніколі-ніколі такое не паўтарылася…