“Ідзём з апераджэннем графіка”

Главное Официально

Так ахарактарызавалі будаўнікі ход узвядзення аб’екта “Івянецкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці” па стане на 8 мая.

Асноўным генеральным падрадчыкам будоўлі з’яўляецца ААТ “Палессежылбуд”. Зараз тут праводзяць работы яго філіялы: ПМК-17, ПМК-12, ПМК-26, ПМК-82, СУ-2, а таксама наш філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”. Значна прыбавілася тэхнікі: з 9 адзінак з сакавіка да 20-і зараз, да 86-і павялічылася колькасць працуючых.

Што ж зроблена за паўтара месяца з нашага апошняга рэпартажу? На стадыі завяршэння знаходзіцца пракладка вонкавых сетак і камунікацый: вода- і газазабеспячэння, каналізацыі – ідуць пусканаладачныя работы. Мураванне каркаса 3-павярховага будынка зроблена на 95 працэнтаў, на 15 працэнтаў уцеплены сцены. Чаша басейна заліта поўнасцю, рыхтуецца мантаж абсталявання. Амаль што закончана манціраванне кацельнай, пажарнага рэзервуара, помпавай станцыі і трансфарматарнай падстанцыі. Аконныя блокі поўнасцю ўстаноўлены на першым паверсе, больш чым напалову – на другім.

Пакладзены тратуарныя дарожкі ўздоўж жылых дамоў, вядзецца падрыхтоўка дарогі пад асфальтабетоннае пакрыццё.

У самых бліжэйшых планах будаўнікоў – закончыць цагляны мур і распачаць пакрыццё даху, далей – узмоцнена весці работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, уцяпленні будынка і яго афарбоўцы, тым больш што фінансаванне паступае своечасова і ў поўным аб’ёме.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА