УРАТУЕ СВОЕЧАСОВАЯ ДАПАМОГА

Общество

У цэнтральнай раённай бальніцы штогод аперыруюцца каля 90 хворых на грыжу. Выпадкі з ускладненнямі сустракаюцца рэдка, як правіла, людзі хутка забываюць пра аперацыю, як і раней, жывуць і працуюць. З ушчэмленай грыжай паступае прыкладна 10-15 чалавек у год, у 5-6 з іх даводзіцца праводзіць рэзекцыю кішкі і іншыя складаныя аперацыі.

Грыжы жывата ўяўляюць сабой выходжанне органаў брушной поласці (сальніка, кішэчніка, зрэдку мачавога пузыра) пад скуру жывата. Яны могуць праяўляцца ў любым узросце, узнікаюць або ў выніку прыроджанай слабасці брушной сценкі, або з-за цяжкай працы, а таксама пасля траўм і аперацый. Найчасцей грыжы з’яўляюцца ў пахавых абласцях і ў вобласці пупка. Уяўляюць сабой выпукласці мяккай кансістэнцыі рознай велічыні, якія пры націсканні рукой самога хворага вяртаюцца ў брушную поласць і пры спыненні націскання ўзнікаюць зноў. Зрэдку гэта суправаджаецца бурчаннем, гэта значыць, што ў грыжавай выпукласці знаходзіцца кішка. Грыжа значна паніжае працаздольнасць чалавека, таму што пры фізічнай нагрузцы, напружанні ў ёй або ў жываце ўзнікае боль.

З часам грыжа засоўваецца назад усё цяжэй і цяжэй, павялічваецца ў памеры, мацнее і боль. Найбольш частае і небяспечнае ўскладненне – ушчамленне ўнутраных органаў, якое можа ўзнікнуць у любы момант, нават пры нязначнай нагрузцы. У пажылых людзей ушчамленне можа ўзнікнуць і пры запоры. Пры ўшчамленні органаў брушной поласці яны шчыльна сціскаюцца ў грыжы. Пры гэтым спыняецца іх кровазабеспячэнне і хутка развіваецца амярцвенне (гангрэна). Найбольш часта ўшчамляецца кішэчнік, тады боль становіцца вельмі моцным, грыжа цвярдзее, узнікае рвота.

Управіць ушчэмленую грыжу сам хворы не можа. Калі яму не зрабіць тэрміновую аперацыю, то ўшчэмленая кішка можа разарвацца і ўзнікне запаленне брушыны (перытаніт). Адзіным метадам лячэння і папярэджання ўскладненняў грыж з’яўляецца своечасовая аперацыя. Яна добра пераносіцца хворымі, і тыя праз 6-7 дзён выпісваюцца з бальніцы, а праз 3-4 тыдні могуць працаваць і весці звыклы лад жыцця. Пры ўшчэмленых грыжах аперацыя больш складаная. Зрэдку хірург вымушаны выдаляць амярцвелую ўшчэмленую кішку. Могуць быць і іншыя ўскладненні, нагнаенні раны. Усё гэта ў дзесяткі разоў павялічвае рызыку аперацыі. Калі хворыя з ушчэмленай грыжай позна звяртаюцца за медыцынскай дапамогай, з-за ўскладненняў не заўсёды ўдаецца выратаваць іх жыццё. Таму кожны хворы павінен усвядоміць, што толькі своечасовая аперацыя пазбавіць ад ускладненняў і пагрозы жыццю, дазволіць вярнуцца да паўнацэннага жыцця і працы.

Мікалай ПЫЖЫК, загадчык хірургічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы



Добавить комментарий