“Мы сёння тут, каб дапамагаць людзям”

Важное

 

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73
Алег СЕМЯНЧУК разам са старшынёй Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людмілай МУСЯНКОВАЙ з гуманітарнай дапамогай наведаліся ў Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

– Зараз мы цесна ўзаемадзейнічаем з тэрытарыяльнымі цэнтрамі – аказваем інфармацыйнае навучанне, псіхаэмацыянальную падтрымку, дастаўляем гуманітарную дапамогу, якую атрымліваем з Еўрасаюза, з Дацкага, Швейцарскага, Міжнароднага замежнага Чырвоных Крыжоў, – расказала Людміла Сяргееўна. – Сёння наведаліся ў Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат: прывезлі дэзсродкі, мыла, маскі і больш за тысячу штук аднаразовых пальчатак. Тут пастаянна пражываюць хворыя людзі, якія маюць патрэбу не толькі ў сацыяльнай абароне, але і ў дапамозе. Такіх устаноў у Мінскай вобласці 20. У нас праз дзень-два ідуць новыя пастаўкі, ёсць спіс тых, хто мае патрэбу: абмяркоўваем пытанне з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама і развозім па заяўках, якія паступаюць з устаноў аховы здароўя.

Вялікае дзякуй хачу сказаць нашым валанцёрам: людзям ад 18 да 50 гадоў, якія ў свой вольны час – і вечарам, і ў выхадныя дні, да і пасля работы – дастаўляюць рэцэпты, прадуктовыя наборы. Добра працуе служба сясцёр міласэрнасці “Дапамога”, што абслугоўваюць самым цяжкіх хворых. А зараз гэта вельмі важна: калі чалавек ведае, што ёсць арганізацыі, спонсары, якія прыйдуць на дапамогу, ён адчувае сябе больш спакойна і ўпэўнена ў такой няпростай сітуацыі, бо не адзін і не пакінуты. Нізкі паклон усім, хто не застаецца раўнадушным да лёсу іншых і ідзе насустрач.

– Дэпутаты парламента таксама актыўна падключыліся да добрай справы, – адзначыў Алег Аляксеевіч. – Мы ўсе ўдзячны медыцынскім работнікам, якія стаяць на перадавой, дбаюць пра здароўе нашых людзей. Але хачу сказаць, што побач з імі вялікі клопат пажылым людзям надаюць і работнікі сацыяльнай абароны: яны не толькі аказваюць дапамогу на пастаяннай аснове, але і прымаюць заяўкі ад тых, хто не знаходзіцца на абслугоўванні. Любы чалавек можа патэлефанаваць і папрасіць дапамогі. Па рэспубліцы на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах стаяць больш за 150 тысяч адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў, больш за 670 тысяч адзінока пражываючых грамадзян. Каля 90 тысяч чалавек такой катэгорыі знаходзяцца на абслугоўванні ў сацыяльных работнікаў, каля 19 тысяч пражываюць у стацыянарных установах. Састарэлыя, інваліды, дзеці-інваліды – гэта самая слабая катэгорыя грамадзян, іх неабходна абараніць, каб яны не захварэлі. Таму хачу выказаць падзяку і сацыяльным работнікам, і работнікам дамоў-інтэрнатаў – урачам, медыцынскім сёстрам, санітарам, абслуговаму персаналу, якія клапоцяцца пра іх, стараюцца захаваць сваё здароўе і здароўе сваіх падапечных.

Прыемна, што руку дапамогі працягваюць многія арганізацыі – як дзяржаўныя, так і камерцыйныя. Дэпутацкай групай нядаўна наведалі псіханеўралагічны дом-інтэрнат № 1 г. Мінска: паколькі там работнікі перайшлі на вахтавы метад работы, мы закупілі малочныя прадукты, сабралі сродкі для набыцця спецыяльных халатаў. І ведаеце, людзі задаволены не толькі таму, што ім прывезлі, але ўвазе, бо адчуваюць: мы – разам. А аб’яднаўшыся, зможам пераадолець любыя праблемы і нягоды, якія ёсць ці могуць узнікнуць. Таму мы сёння тут, каб дапамагаць людзям.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА