Пра выставачную дзейнасць

Важное Культура

У Валожынскім раённым Цэнтры культуры выпусцілі чарговы нумар журнала метадычнага кабінета “Клубны веснік”, прысвечаны выставачнай дзейнасці як адной з форм работы ўстаноў клубнага тыпу па папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама буклет “Вышыўка”.

Вялікая работа па падрыхтоўцы выданняў была праведзена кіраўніком народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Наталляй Кліменак, рэдактарам выступіла Святлана Бабровіч.

У журнале заўважана, што выставачная дзейнасць на Валожыншчыне пастаянна развіваецца, з часам з’яўляюцца новыя змест і формы арганізацыі экспазіцый. У раёне пражывае шмат майстроў народнай творчасці, працуюць яны ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Выставы з’яўляюцца своеасаблівымі творчымі справаздачамі, прымяркоўваюцца да дзяржаўных свят, памятных дат, свят каляндарнага цыкла і інш. Падчас іх правядзення арганізуюцца аўтарскія сустрэчы і майстар-класы для наведвальнікаў.

У “Клубным весніку” паведамляецца, што ўсяго за мінулы год адбыліся 367 выстаў народных умельцаў: у Дорскім сельскім цэнтры культуры – 43, Ракаўскім цэнтры народнай творчасці – 40, Пугачоўскім сельскім доме культуры – 36, Дубінскім сельскім цэнтры культуры – 26, Вішнеўскім сельскім доме культуры – 24, Падбярэзскім сельскім цэнтры культуры – 24, Сакаўшчынскім сельскім цэнтры культуры – 46, Суднікаўскім сельскім клубе – 35, Багданаўскім сельскім цэнтры культуры – 25, Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры – 16, Івянецкім доме культуры – 5, народным аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца” – 47. Сярод іх былі як зборныя, так і персанальныя, а таксама выставы-продажы, на якіх прадстаўляліся вышыўка, ткацтва, бісерапляценне, малюнак, выцінанка, саломапляценне, пляценне з газетных трубачак, вязанне, вязанне кручком і інш.

Вялікае месца ў журнале адведзена вышыўцы. Адзначана, што гістарычна характэрна для гэтага віду народнага дэкаратыўнага мастацтва на нашых тэрыторыях, што арнамент – гэта свайго роду абярэг, які павінен змяшчаць у сабе толькі станоўчае. У ім выкарыстоўваюцца разнастайныя формы і сімвалы, куды ўваходзяць кругі, зоркі, ромбы, кропкі, стужкі, розныя лініі, шасцівугольнікі, крыжы. Лічыцца, толькі беларусы змаглі захаваць нязменным першапачатковы выгляд узораў, што існавалі яшчэ з часоў старажытных славянскіх плямёнаў. Асноўныя колеры – белы, паказвае чысціню і адкрытасць, і чырвоны – адлюстроўвае кроў, сонца і адпаведна жыццёвую сілу.

Дзякуючы брашуры, можна пазнаёміцца з правіламі прыгожай вышыўкі. Таксама прапануюцца майстар-класы па стварэнні ўнікальных карцін крыжыкам і дэкупажы шкатулкі – тэхніцы, з дапамогай якой можна даць другое жыццё старым рэчам. Па кроках разбіраюцца этапы працы.

Нельга не звярнуць увагу на здымкі работ майстроў з выстаў, што праходзілі ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Пра віды вышыўкі, каларыстыку беларускіх узораў, паліхромную вышыўку гладдзю, кампазіцыйнае вырашэнне можна даведацца з буклета “Вышыўка”. Вялікае месца тут адведзена майстрам-самародкам Валожыншчыны. Прапанаваны здымкі з выстаў Тамары Юровіч, Галіны Макей, Святланы Асеевай, Зоі Гусакоўскай, Рэгіны Юкавец, Наталлі Драгуновай, Тамары Сянько, Марыі Шумскай, Надзеі Голуб, Святланы Бушланавай. Зразумела, што старонкі кніжачкі, на жаль, не змаглі змясціць усіх выдатных рукадзельніц, але праца працягваецца, і пра іх творчасць будзе расказана ў наступных выданнях.

Анжэла РАДЫНА