Волат у Івянцы

Важное Кругозор

У гарадскім пасёлку Івянец насупраць аўтобуснага прыпынку на вуліцы 17 верасня з’явіўся арт-аб’ект “Зубр”.

Драўляная фігура волата выканана вядучым метадыстам Івянецкага музея традыцыйнай культуры Мікалаем Задрэйкам па заказе індывідуальнага прадпрымальніка Віталя Крутава, які займаецца пасажырскімі перавозкамі.

Мікалай Вітольдавіч распачаў працу недзе месяц назад. У першую чаргу ён вызначыўся з матэрыялам: набыў на адным з прысядзібных участкаў вёскі Камень спілены 96-гадовы дуб. Паколькі ні адной тэхнікай немагчыма было яго падняць, то работу майстар распачаў на месцы. Затым па частках выраб даставілі на адведзеную для яго пляцоўку. Хочацца адзначыць, што тулава жывёлы зроблена з аднаго суцэльнага вялікага бервяна. Асобна выразаліся ногі і рогі. Вельмі складана было сабраць арт-аб’ект, бо даўжыня зубра складае больш за 2,5 метра, а важыць ён каля 2 тон. Цяпер на ўездзе ў Івянец магутны прыгажун сустракае жыхароў і гасцей гарадскога пасёлка.

Анжэла РАДЫНА