ПЛАНУЕМ АДПАЧЫНАК

Общество

Сярэднестатыстычны жыхар нашага раёна з месячным заробкам 1 мільён 110 тысяч рублёў (у красавіку) не будзе абіваць парогі турыстычных агенцтваў, якія рэалізуюць пуцёўкі на адпачынак у Егіпет і Турцыю.

Ды абыдземся без заграніцы! А добра адпачыць дапаможа ўпраўленне па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва. Аб тым, наколькі актыўна жыхары раёна наведваюць санаторыі і Дамы адпачынку, мы папрасілі расказаць Р. М. Русакевіча.

– Рыгор Мікалаевіч, ці высокі попыт жыхароў нашага раёна на пуцёўкі ў санаторыі і Дамы адпачынку?

– Высокі. Пакуль што попыт перавышае прапанову. Чарга існуе нават для такой катэгорыі грамадзян, як удзельнікі вайны. Напрыклад, ад некаторых заяўкі на пуцёўку паступілі аж у 2007 годзе. Непрацуючыя інваліды 1-й і 2-й груп маюць права раз у два гады бясплатна адпачыць, ім таксама трэба папярэдне пісаць заяву.

– Непрацуючы чалавек можа напісаць заяву, чакаць пуцёўку, а потым у любы момант паехаць на адпачынак. А як быць тым, хто працуе?

– Людзі ўжо даўно навучыліся планаваць свой водпуск. Тыя ж расіяне ў масавым парадку скупліваюць месцы ў беларускіх здраўніцах на летні перыяд яшчэ зімой. Разлічваюцца яны валютай па расцэнках шмат вышэйшых, чым прадугледжаны для мясцовых жыхароў. Беларусам жа ўласціва часам некаторая легкадумнасць, яны разлічваюць: вось пайду ў водпуск і займуся пуцёўкай. Так не атрымаецца. Бо нават упраўленне па аздараўленню заказ пасылае раз у квартал.

– Калі чалавек вызначыўся з адпачынкам, што ён павінен зрабіць, каб забяспечыць сябе пуцёўкай?

– Трэба напісаць заяву па месцы працы ў камісію па аздараўленню. Адказны за аздараўленне прынясе вашу заяву ў наша ўпраўленне, а мы ўжо будзем заказваць пуцёўку.

– Ці існуе для прадпрыемстваў ці арганізацый ліміт на пуцёўкі?

– Я не вельмі зразумеў, што вы маеце на ўвазе. Кожны член любога працоўнага калектыву мае права на пуцёўку хоць кожны год.

– Колькі каштуюць пуцёўкі?

– Гэта залежыць ад статуса і профілю ўстановы аздараўлення ці адпачынку, а таксама ад вашага заробку . Тут прадугледжаны дыферэнцыраваны падыход – чым меншы ў чалавека заробак, тым танней яму абыдзецца адпачынак. У сярэднім жыхары нашага раёна плацяць у летні перыяд  – 20 працэнтаў ад поўнага кошту, у зімні – 15, гэта прыкладна 150-300 тысяч рублёў, плюс яшчэ на дарогу. Як бачым, большую частку затрат бярэ на сябе дзяржава, таму што пуцёўкі вельмі дарагія.

– Кажуць, што трапіць у санаторый можна толькі тады, калі ёсць нейкія непаладкі са здароўем, г. з. па медыцынскіх паказчыках.

– Безумоўна, у першую чаргу ў санаторый паедзе профільны хворы. Але ўсё ж санаторый – не бальніца. Сюды можа прыехаць і здаровы чалавек – для прафілактыкі, умацавання імунітэту і г. д.

– Якія курорты можна наведаць?

–  У асноўным – у межах рэспублікі, а таксама крымскія беларускія здраўніцы ці ў Прыбалтыцы. Летась, напрыклад, былі дзве пуцёўкі для маці і дзіцяці ў Місхор, дзевяць дзіцячых – у Друскінінкай.

– Можаце апісаць сацыяльны партрэт адпачываючага?

– Сказаць, што пуцёўкі дастаюцца толькі аднаму нейкаму слою насельніцтва – нельга. Гэта і служачыя, і рабочыя, і работнікі сельгаспрадпрыемстваў. Узрост адпачываючых таксама розны: едуць і маладыя, і пенсіянеры. Дарэчы, пасля паездкі ўражанні таксама могуць быць дыяметральна супрацьлеглыя – ад захаплення да расчаравання.

– Арганізацыя дзіцячага адпачынку для бацькоў ці дорага абыходзіцца?

– Дзіцячыя пуцёўкі ва ўсе дзіцячыя санаторыі выдзяляюцца бясплатна, іх аплата ідзе з сацыяльна фонду. З аздараўленнем у летні перыяд магчымы варыянты. Напрыклад, за дзевяцідзённы адпачынак дзіцяці ў лагеры “Надзея” на Вілейшчыне бацькам давядзецца заплаціць 55 тысяч рублёў. А вось 326 дзяцей з нашага раёна, якія пражываюць у забруджанай радыенуклідамі зоне, атрымалі бясплатна пуцёўкі ў аздараўленчы лагер у Ждановічах, пры рэальнай затраце на адпачываючага – 1 мільён 26 тысяч рублёў.

Хачу таксама сказаць бацькам, што яны яшчэ могуць набыць дзецям пуцёўкі на другую, трэцюю ці чацвёртую змены. Для гэтага неабходна звярнуцца ў раённы аддзел адукацыі з заявай. Выбар сёлета нядрэнны – на базе цэнтра дзіцячай творчасці арганізаваны лагер “Патрыёт”, у Ратамцы дзейнічае лагер абласнога ўзроўню “Ветразь”, у Замасцянах на беразе Заходняй Бярэзіны – палатачны лагер “Алімпіец”, карыстаецца папулярнасцю і лагер “Надзея” пад Вілейкай.

– Напэўна, бываюць у вас і такія сітуацыі: на адзін і той жа санаторый адначасова паступаюць дзве заявы, а пуцёўка прыходзіць адна. Жэрабя кідаеце, ці як?

– Вядома, што – не. І ва ўпраўленні па аздараўленню, і ў камісіях пры працоўных калектывах існуюць спецыяльныя ўліковыя журналы, у якіх рэгіструюцца заявы на пуцёўкі. Сярод прэтэндэнтаў выбіраецца той, чыя заява зарэгістравана першай.

– Скажыце, а ці часта здараюцца “згараючыя” пуцёўкі? Можа пра іх трэба паведамляць шырокаму колу людзей, напрыклад, друкаваць у раённай газеце?

– Гэта вельмі рэдкія выпадкі. Хіба што па неспадзяванай хваробе адпачываючага перад самым ад’ездам. Пуцёўка тады перадаецца наступнаму па чарзе. На зборы па “згараючай” пуцёўцы звычайна выпадае адзін, рэдка – два дні. Так што газета тут не дапаможа.

– Як мяркуецца, у сувязі са скачком цэн колькасць жадаючых адпачыць зменшыцца?

– Пажывём – пабачым. Але не трэба забывацца, што добры працаўнік і адпачываць павінен з камфортам. Той, хто паважае сябе, клапоціцца пра сваё здароўе, будзе імкнуцца атрымаць і новыя ўражанні, і аздараўленчыя працэдуры, і забяспечыць сабе паўнацэнным адпачынкам. Яго гарантавана можна атрымаць толькі ў спецыяльных установах.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий