Пераносяцца тэрміны ўступнай кампаніі

Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, цэнтралізаванае тэсціраванне пачнецца з 25 чэрвеня, у той час як раней яно павінна было стартаваць 13 чэрвеня.

«У бліжэйшы час мы прадставім новы графік правядзення ЦТ. Цяпер усё яшчэ раз адпрацуем, уважліва паглядзім. Тое, што ЦТ пачнецца 25 чэрвеня, — гэта дакладна», — заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

«Гэта не значыць, што ў нас не будзе запасу часу для таго, каб падрыхтавацца да пачатку новага навучальнага года. Якраз мы ўкладваемся ва ўсе тэрміны правядзення кампаніі, уключаючы момант падачы дакументаў, залічэнне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на бюджэт і платна, паступленне ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы», — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Ён адзначыў, што тэсціраванне па найбольш масавых прадметах падзеляць на два дні. «Рускую мову і матэматыку, на якія запісваецца найбольшая колькасць абітурыентаў, падзелім на два дні. Гэта будзе такая навацыя, але гэта не значыць, што тэст першага дня будзе такім жа і на другі дзень. У нас па кожным прадмеце створана даволі вялікая база, і кожны раз дзяржкамісія метадам камп’ютарнага адбору прадаставіць адпаведны тэст. Усе тэсты створаны па праграме агульнай сярэдняй адукацыі. Як заўсёды, патрэбны веды і падрыхтаванасць абітурыентаў», — сказаў Ігар Карпенка.

Міністр таксама расказаў, што ў гэтым годзе лічбы прыёму крыху павялічаны ў асноўным за кошт тэхнічных, тэхналагічных спецыяльнасцей, медыцынскіх, фізкультурна-аздараўленчых. «Такім чынам, мы прапануем крыху больш месцаў абітурыентам, чым у мінулым годзе. Няшмат павялічаны набор і ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. А ў сістэме прафтэхадукацыі ідзе гібкі набор. Мы можам лічбы скарэкціраваць», — адзначыў ён.