Шчасце, калі разам

Важное Общество

Чароўную маладую жанчыну, якая адкрыта ўсміхаецца са здымка, ведаю даўно. Яшчэ працуючы ў СШ № 2, ад усёй душы захаплялася таленавітай і разумнай дзяўчынкай – Наталляй Шчарбачэвіч. Уменне падлетка адстойваць уласную думку, спробы сябе ў творчасці і, асабліва, кранальны клопат пра малодшага браціка выклікалі павагу. З той пары мінула даволі шмат гадоў. Яе даўно называюць Наталляй Паўлаўнай Нямкевіч. За гэты час атрымала адукацыю, набыла вопыт работы на дзяржслужбе, узначальвала раённы камітэт БРСМ. Самае ж галоўнае –  знайшла сапраўднае каханне з разумным, добрым і любячым Аляксандрам.

Маладыя людзі ў 2011 годзе згулялі вяселле, што азначае – разам яны амаль дзевяць гадоў. Іх ячэйка грамадства павялічылася больш чым удвая. У пары нарадзіліся дзве дзяўчынкі і хлопчык. Старэйшай Настассі шэсць гадоў, Арцёму – два з палавінай, Юлечцы яшчэ толькі дзевяць месяцаў. Гэта вельмі дружная, гарманічная каманда, дзе ўлічваюцца асаблівасці характару, густ і жаданні кожнага яе члена. Але ж і абавязкі тут маюць усе.

Наталля заўсёды з дзецьмі. Яна для іх і ласкавая матуля, і выхавацелька з сучаснымі поглядамі, і надзвычай адкрытая сяброўка, якая не імкнецца дамінаваць, а стараецца зразумець, дапамагчы, накіраваць… Яна, нягледзячы на сваю выключную жаноцкасць і стрыманасць, даволі патрабавальная да сябе. Гэтаму ж вучыць дзяцей. Бацька і муж, зразумела, не можа кожную хвіліну быць побач са сваімі роднымі – працуе галоўным інжынерам КСУП “Пяршаі-2014”, але ж яго аўтарытэт і прыклад адыгрываюць вельмі важную ролю ў выхаванні нашчадкаў.

Так, у іх ёсць пэўныя правілы, але ўкараняюцца яны часцей за ўсё праз гульню, таму тут нікога не прыцясняюць і не напружваюць. Кожны вельмі паважае сябе і тых, хто побач. Мая памяць захоўвае цікавы выпадак. Наталля з першынкай Насцяй завіталі да мяне ў госці. Двухгадовая дзяўчынка паводзіла сябе выключна – акуратна ўпраўлялася з пачастункамі, па-даросламу разважала адносна кожнай тэмы, якая ўзнікала за сталом. Але вось неспадзяванка – выпадкова выліла цэлую шклянку вады. Малая войкнула, насцярожана глянула на маці, на гаспадыню, у вочках заблішчалі слёзкі. Наталля ж спакойна сказала наступнае: “Чаго  плачаш? Ты ж ведаеш, што трэба рабіць. Валянціна Іванаўна, дайце ёй анучку”. Мне было надзвычай дзіўна назіраць, як дзяўчынка акуратна выцерла лужыну, а пазней проста смех узяў, калі замахнулася на тое, каб літаральна вымыць усю кухню…”

Нямкевічы любяць бавіць час разам. І ў працы, і ў час забаў ім добра, весела і спакойна. Яны напрыдумвалі сабе шмат сямейных традыцый. Адна з іх называецца “Круг гонару”. Гэта калі ўсёй кампаніяй аб’язджаюць горад, спыняюцца ў самых прыгожых і значных месцах, а па дарозе наведваюцца ў госці да сваякоў.

Іх сям’я на самай справе значна большая, чым прыгожы квінтэт на здымку. З кожнага боку маюцца прабабулі, дзядулі і бабулі. У юных Нямкевічаў таксама ёсць дзядзькі, цёткі, стрыечныя брацікі і сястрычкі. Побач шмат сяброў і калег, што не дзіва: і Наталля, і Аляксандр – людзі абаяльныя, надзейныя і творчыя. Прыгажуня-жонка, напрыклад, мае мастацкае хобі. Толькі малюе не на паперы ці палатне, а на тварах жанчын, якія жадаюць быць такімі ж прыгожымі – дасканала валодае майстэрствам візажу. Яе муж Аляксандр Мікалаевіч, інжынер-будаўнік па адукацыі, чалавек, як кажуць, з рукамі – па доме і адносна тэхнікі ўмее рабіць амаль усё. А яшчэ жонка і дзеці сцвярджаюць, што іх тата – самы лепшы ў свеце повар. Піца ў яго выкананні – сапраўдны шэдэўр!  

Відавочна, і дзеці ў такіх бацькоў растуць асобамі, не пазбаўленымі крэатыву. Насця, напрыклад, захапляецца маляваннем, танцуе, спявае, марыць стаць удзельніцай праграмы “Голас”. У Арцёмкі добра атрымліваецца ляпіць з пластыліну. Як і тата, ён мае схільнасць да работы з рознымі механізмамі. Наконт Юліных талентаў, магчыма, рана рабіць выснову, аднак тое, што дзяўчынка рана пачала гаварыць, адрозніваецца выключнай камунікабельнасцю, імкнецца камандаваць, гаворыць пра многае…

На пытанне, як рашыліся на траіх дзетак, муж і жонка толькі жартуюць, маўляў, гэта не наша рашэнне, а іх выбар. Яны не лічаць сваю сям’ю вялікай, хутчэй гарманічнай. Можа іх стане яшчэ больш? На гэту заўвагу ў адказ – толькі гарэзлівыя ўсмешкі. “Нашы дзеці – нашы чараўнікі, яны з кожным годам чароўным чынам мяняюць наша жыццё ў лепшы бок”, – прызнаюцца шчаслівыя бацькі.

Дзень сям’і ў гэтых дарослых і дзяцей, безумоўна, кожны дзень, але ж напярэдадні свята яшчэ раз хочацца пажадаць ім і ўсім сем’ям Валожыншчыны здароўя, разумення, дабрабыту, любові, міру, ладу і ўпэўненасці ў будучыні.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ