Для тых, хто цяпер на перадавой

Общество

У нашай сям’і нечакана здарылася няшчасце – цяжка захварэла мама. Яе паклалі ў раённую бальніцу ў Стоўбцах, але праз суткі перавялі ў Валожынскую ЦРБ, дзе яна прабыла тры тыдні. Дзякуючы намаганням медыкаў, стан мамы праз некалькі дзён палепшыўся. І вось дачакаліся той хвіліны, калі яна стала з намі жартаваць. Тады мы зразумелі, што хвароба пачала адступаць. Усе адразу адчулі палёгку на душы. З кожным днём самаадчуванне было лепш і лепш. Нарэшце наступіў доўгачаканы час выпіскі.

Не хапае слоў, каб аддзячыць тым людзям, якія з Божай дапамогай зрабілі сапраўдны цуд – вярнулі маму да здароўя і жыцця. Гэта сапраўдныя героі нашага часу! Працуючы ў вельмі цяжкіх і жорсткіх умовах, жывучы на рабоце, воддаль ад сваіх сем’яў, кожную хвіліну рызыкуючы ўласным здароўем, засталіся добрымі і чулымі. Са слоў мамы, яна адчувала пастаянны клопат і падтрымку медыкаў. Чужыя людзі сталі такімі роднымі і блізкімі! Праўду кажуць, што бяда не толькі аб’ядноўвае людзей, але і паказвае іх сапраўдны воблік.

Ад усяго сэрца шчыра хочам падзякаваць урачам, медсёстрам і санітарачкам, якія прыклалі ўсе намаганні, каб мама як мага хутчэй паправілася. Асабліва выказваем словы падзякі ўрачу Уладзіміру Уладзіміравічу Лушчыцкаму і медсёстрам Таццяне Міхайлаўне Ібрагімавай, Юліі Богдан і Наталлі Вашкевіч. Таксама хочам падзякаваць Святлане Фёдараўне Нахай, акая працуе валеолагам у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, за тое, што яна наведвала маму ў бальніцы і кожны дзень цікавілася яе станам, прапаноўвала ўсялякую дапамогу. Шчыра дзякуем і адміністрацыі бальніцы, што падчас гэтай экстрэмальнай сітуацыі хапала ўсіх неабходных лекаў, медыцынскага інвентару і г. д.

Яшчэ раз сардэчна дзякуем вам за прыкладзеныя намаганні, вялікі клопат. Няхай добры Бог аддзячыць вас за вашу працу, сцеражэ вас і вашы сем’і ад хваробаў і бед, благаслаўляе штодня.

Са шчырай удзячнасцю, муж і дзеці Ганны КРЫВЕЛЬ са Стоўбцаў