Купальны сезон не за гарамі

Важное

Прадстаўнікі рабочай групы райвыканкама, якая была створана для абследавання месцаў, што будуць задзейнічаны ў якасці пляжаў, зон адпачынку на водных аб’ектах, і куды ўвайшлі намеснік дырэктара па жыллёвых і камунальных пытаннях Павел Клімянкоў, начальнік РАУС Дзмітрый Вяроўчык, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна – галоўны ўрач РЦГіЭ Павел Сарока, начальнік РАНС Аляксандр Сівы, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Якутовіч, старшыня раённай арганізацыі РДГА ТВВОД Іван Сухадолец, а ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, здзейснілі сумесны рэйд па ліквідацыі нявыкананых работ па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку на водных аб’ектах да купальнага сезона-2020.

Сёлета на водных аб’ектах Валожыншчыны вызначаны чатыры зоны адпачынку. “Жоўты бераг” замацаваны за лясгасам (кіраўнік У. У. Бацян), “Сакаўшчына” – за ПМС (кіраўнік П. М. Стасяловіч), “Валожынскае вадасховішча” і “Пагарэлка” – за жылкамунгасам (кіраўнік М. М. Унучак). Арганізацыям быў даведзены план мерапрыемстваў, якія неабходна правесці да пачатку купальнага сезона.

З усіх вышэйпералічаных аб’ектаў поўнасцю гатовы прыняць першых адпачывальнікаў толькі “Жоўты бераг”. Прадстаўнікі лясгаса на чале з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Сяргеем Мікенем правялі ўсе неабходныя работы: адрамантавалі агароджу аўтастаянак, кабіны для пераапранання, альтанкі, інфармацыйныя шчыты, абгарадзілі новым штыкетным плотам месца для купання дзяцей, абсталявалі месцы для распальвання вогнішча каля альтанак, арганізавалі абследаванне і ачыстку ад старонніх аб’ектаў дна акваторыі аб’екта, устанавілі стэнды “Месца для купання”, “Купанне забаронена!” і інш. Адзінае, што засмуціла некаторых прадстаўнікоў камісіі – у альтанках не стала сталоў. Гэта па іх меркаванні не вельмі зручна для адпачывальнікаў.

 

“Сакаўшчына” аказалася не толькі непадрыхтаванай, але нават небяспечнай для знаходжання там. Работнікі ПМС павінны былі агарадзіць новым штыкетным плотам месца для купання дзяцей, але яны не адрамантавалі нават стары. Месцамі штыкецін не хапае, малое дзіця лёгка можа пралезці ў дзіркі, што ўтварыліся, і аказацца неабароненым перад воднай стыхіяй. Таксама прадпісвалася завезці пясок на пляжную зону, пашырыць яе ў бок паста ТВВОД. У гэтым кірунку адказная арганізацыя паспрабавала толькі разраўняць пясок, што ляжаў тут з мінулага года. Хочацца адзначыць яго дрэнную якасць: шмат камянёў з вострымі краямі. Пляцоўка для спартыўных гульняў не абсталявана. Лаўкі і ценявыя навесы пафарбаваны, але не адрамантаваны. Некаторыя з іх нават тояць у сабе небяспеку, бо апоры згнілі і хістаюцца. Стэндаў “Месца для купання”, “Купанне забаронена!” няма. Для аб’ектыўнасці хочацца адзначыць, што асобныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторыі былі праведзены.

 

Аб’екты, замацаваныя за жылкамунгасам, не зусім гатовы да пачатку купальнага сезона. На “Валожынскім вадасховішчы” ў дрэнным стане знаходзіцца плот, якім агароджана зона для купання дзяцей, не ўстаноўлены стэнды і інфармацыйны шчыт, не абсталявана дзіцячая пляцоўка. Таксама не праведзены работы і па размяшчэнні аб’ектаў інфраструктуры з улікам патрабаванняў, што прад’яўляюцца да ахоўнай зоны электрычных сетак.

 

У зоне адпачынку “Пагарэлка” месца для купання дзяцей наогул не агароджана, не ўстаноўлены стэнды і дадатковы інфармацыйны шчыт. З-за адсутнасці дастатковай колькасці вільгаці ўзровень вады ў возеры паменшыўся і зусім недарэчна выглядае масток для ўваходу ў ваду за мелкаводдзем.
Арганізацыям, за якімі замацаваны зоны адпачынку “Сакаўшчына”, “Валожынскае вадасховішча”, “Пагарэлка”, у бліжэйшы час неабходна правесці мерапрыемствы па выпраўленні ўсіх вышэйпералічаных недахопаў.

 

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара