Да поспеху няма кароткага шляху

Важное Спорт

Нават чалавеку, далёкаму ад спорту, заўсёды прыемна слухаць, калі гаворка ідзе пра агульнакамандныя перамогі нашых спартсменаў ці іх індывідуальныя рэкорды. Дасягненні на стадыёнах, катках і трэках спалучаюць грамадства, бо яднаюць людзей рознага ўзросту, розных інтарэсаў. Высокія спартыўныя паказчыкі, як і кожная выніковая справа, немагчымы без сумленнай працы многіх людзей, якія дапамагаюць таленту раскрыцца, дасягнуць славы і прызнання.

У суботу, 16 мая, усе работнікі фізічнай культуры і спорту адзначаць сваё прафесіянальнае свята. Сярод іх будзе і старэйшы фізкультурнік раёна Мікалай Мікалаевіч РАБЦАЎ. Ён нарадзіўся ў Нарэйшах, маці была звеннявой у калгасе “17 Верасня”, а бацька ездзіў на работу ў райцэнтр, дзе працаваў інжынерам. Сын жа, калі вучыўся ў СШ № 2 горада Валожына, захапіўся футболам. Паспрыяў гэтаму трэнер ДЮСШ Аляксандр Сяргеевіч Латышаў. Ён і параіў юнаму Мікалаю Рабцаву паступаць у інстытут фізкультуры. Па сённяшні дзень Мікалай Мікалаевіч удзячны свайму настаўніку за правільны выбар жыццёвага шляху. А каб ушанаваць памяць А. С. Латышава, былы яго вучань наладзіў у раёне футбольны турнір яго імя.

Атрымаўшы дыплом, Мікалай Мікалаевіч працяглы час рупіўся на ніве адукацыі: быў не толькі фізруком, але і выкладчыкам працы, спеваў, бо ўмеў спяваць і добра іграць на баяне (у свой час скончыў музычную школу), пачатковай ваеннай падрыхтоўкі (з’яўляецца старшым лейтэнантам запасу). Маладога педагога любілі вучні, калегі, вяскоўцы. Яго і сёння ўспамінаюць добрым словам у Пугачах, Пяршаях, Камені. Ды і сам Мікалай Мікалаевіч са шчырай удзячнасцю гаворыць пра дырэктара Каменскай школы Міхаіла Сцяпанавіча Леванчука, дырэктара Шыкуцёўскай васьмігодкі, гісторыка і краязнаўца Генадзя Антонавіча Равінскага. З настаўніцкага асяроддзя Мікалай Мікалаевіч выбраў сабе і жонку – выкладчыцу рускай мовы.

У 1989 годзе сям’я пераехала ў Валожын, бо мужу і бацьку ўжо двух дачок прапанавалі пасаду старшыні дабравольнага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў. Пройдзе не так шмат часу, і М. М. Рабцава рашэннем райвыканкама назначаць старшынёй спорткамітэта. За поспехі ў рабоце атрымае Ганаровы нагрудны знак Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, у 2013-м – званне суддзі нацыянальнай катэгорыі.

Зараз Мікалай Мікалаевіч узначальвае раённую ветэранскую арганізацыю спартсменаў і фізкультурных работнікаў, якая налічвае 55 членаў. Аб паспяховасці структуры яскрава гаворыць наступны факт – па паказчыках яны трывала займаюць другое месца ў вобласці, саступаючы толькі калегам з Салігорска. На пытанне, каго ён лічыць самым аўтарытэтным спартсменам, Мікалай Мікалаевіч не раздумваючы гаворыць: “Тадэвуша Жалтка з Сівіцы”. І ў пацвярджэнне расказвае вось такую гісторыю:

– Тэлефануе неяк мне старшыня райвыканкама В. І. Малішэўскі і гаворыць, што ад Івянца ў бок Валожына пад моцным дажджом бягуць два чалавекі. Прапанаваў падвезці, а яны адмовіліся. Недзе праз гадзіну да мяне ў кабінет заходзяць Тадэвуш з сябрам. Пытаюся, чаму не захацелі пракаціцца са старшынёй райвыканкама. А яны адказваюць: каб ведалі, што гэта вялікі начальнік, то, магчыма, і падпарадкаваліся. А наогул рыхтуюцца да рэспубліканскага марафону ў гонар П. М. Машэрава, так што і дадому вернуцца на сваіх нагах…

Працоўная дзейнасць не засланіла ад Мікалая Мікалаевіча сям’ю. Ён з цеплынёй у вачах узгадвае жонку, дачок, траіх унукаў, ганарыцца, што мае ўжо і праўнука. Такой камандай і ў рухавыя гульні гуляць можна, і ў паход адпраўляцца, і на ранішнюю гімнастыку весялей падымацца. Акрамя спорту, Рабцавы захапляюцца яшчэ і музыкай. Давялося нават паўдзельнічаць у абласным аглядзе-конкурсе “Іграй, гармонік!”. Удача і тут ім усміхнулася: на фінальным этапе ў Вілейцы занялі першае месца, атрымалі з рук Ігара Лучанка дыплом, а дадому прывезлі падарунак – тэлевізар.

Але самай каштоўнай сваёй узнагародай М. М. Рабцаў лічыць вялікую колькасць фізічна падрыхтаванай моладзі. Яго выхаванцы без праблем паступаюць у Акадэмію фізічнай культуры, ваенныя і міліцэйскія ВНУ. Мікалай Мікалаевіч раіць усім пасябраваць са спортам, больш рухацца і пераканацца, што фізічная актыўнасць дорыць здароўе, даўгалецце, бадзёрасць і добры настрой.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара