Справа дабрыні і міласэрнасці

75 лет Великой Победе! Важное

Напярэдадні 9 мая старшыня раённай арганізацыі БТЧК Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская разам з валанцёрамі наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Васілія Рыгоравіча Пасеку, Уладзіміра Антонавіча Шаблыку, Мікалая Рыгоравіча Гарнастая і Васілія Канстанцінавіча Бугая. Выказалі гераічным людзям словы ўдзячнасці за подзвіг у гады фашысцкай навалы, смеласць, адвагу, мірнае неба над галавой. Пажадалі моцнага здароўя і ўручылі прадуктовыя наборы, што перадало Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, які адзначаецца 8 мая, даў старт Месячніку Чырвонага Крыжа. Мэтай мерапрыемства, што будзе доўжыцца да 1 чэрвеня, з’яўляецца распаўсюджванне ведаў пра асноватворныя прынцыпы міжнароднага руху, каторы ўяўляе сабой буйнейшую ў свеце сетку гуманітарных арганізацый, прыцягненне ўвагі грамадскасці да дзейнасці таварыства і аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям і сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Валожынская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на сённяшні дзень налічвае 32 пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць 2960 членаў, а таксама тры актыўныя валанцёрскія групы з ліку навучэнцаў Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя і дарослых валанцёраў. Гуманітарную дапамогу ёй па меры паступлення перадае Мінская абласная арганізацыя. Так у 2019 годзе яна выдзеліла 15937 адзінак малочнай прадукцыі на агульную суму 18999 рублёў, яе атрымалі 828 чалавек. Паступіла і 140 адзінак адзення “LC Waikiki” на суму 1887 рублёў, што размеркавалі для 32 сем’яў, і 128 адзінак гуманітарнай дапамогі ад Італьянскай арганізацыі Чырвонага Крыжа на суму 1108 рублёў, якой скарысталіся 26 чалавек.

З удзелам раённай арганізацыі БТЧК актыўна праводзяцца разнастайныя акцыі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прыцягненні ўвагі грамадскасці да праблем туберкулёзу, ВІЧ/СНІД, наркаманіі, курэння і інш. Напрыклад, “Белы рамонак”, “Стоп – СНІД” і г. д. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы, прымеркаваныя да розных дат: да Сусветнага дня Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца – “Благо-дарю”, да Дня ведаў – “У школу разам!”, да Дня людзей сталага ўзросту – “Клопат”, да Новага года і Калядаў – “Ёлка жаданняў”. Падчас іх збіраюцца грашовыя сродкі і прымаюцца іншыя віды дапамогі, у тым ліку адзенне, абутак, канцтавары, кнігі, сродкі асабістай гігіены і прадметы догляду, ад насельніцтва і арганізацый розных форм уласнасці, індывідуальных прадпрымальнікаў горада і на гарадскім рынку. У выніку дапамогу атрымалі больш за тысячу чалавек, сярод іх малазабяспечаныя і шматдзетныя сем’і, састарэлыя адзінока пражываючыя людзі, інваліды, дзеці-інваліды.

Ужо сёлета была праведзена акцыя “Помнім Афганістан”, дзесяці ветэранам баявых дзеянняў ваеннага канфлікту ўручылі прадуктовыя наборы на суму 156 рублёў. Ад абласной арганізацыі атрымалі і раздалі 3780 адзінак ёгуртаў на суму 5481 рубель.

Што датычыцца месячніка, то мерапрыемствы распрацаваны ў асноўным па аператыўным рэагаванні на сітуацыю, звязаную з каранавіруснай інфекцыяй.

Мінская абласная арганізацыя для забеспячэння супрацоўнікаў і валанцёраў сродкамі індывідуальнай абароны перадала ў раён 1135 пар пальчатак, 50 бутэлек па 850 грамаў геля “Чыстыя ручкі”, 9 пакетаў вадкага мыла, 190 масак.

Сродкі перададзены цэнтральнай раённай бальніцы і ТЦСАН, з якімі наладжана цеснае ўзаемадзеянне па пытаннях падтрымкі грамадзян сталага ўзросту, 20 работнікаў ТЦСАН сталі валанцёрамі па дамоўленасці. Раённая арганізацыя БТЧК удзячна ім і начальніку цэнтра Галіне Фадзееўне Рай за адказныя адносіны і супрацоўніцтва.

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Людміла Сяргееўна Мусянкова асабіста наведала Ракаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат і перадала туды 15 бутэлек геля “Чыстыя ручкі”, 16 – вадкага антыбактэрыяльнага мыла, 2200 пар пальчатак, 20 масак.

У рамках месячніка 18 інвалідаў I групы, у тым ліку і захварэўшыя на COVID-19, атрымалі прадуктовыя наборы на агульную суму больш за 694 рублі. Сахар, крупы, макарону, кансервы, тушонку, чай закупіла і перадала Мінская абласная арганізацыя, спонсарам жа выступіў Дацкі Чырвоны Крыж.

На працягу месяца будуць праходзіць дабрачынныя мерапрыемствы, маладзёжныя і валанцёрскія акцыі, кампаніі па зборы цацак, адзення, абутку і грашовых ахвяраванняў ад насельніцтва і арганізацый розных форм уласнасці для аказання дапамогі найменш абароненым слаям насельніцтва.

14 мая старшыня раённай арганізацыі Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская разам з валанцёрамі раздалі лістоўкі, дзе тлумачыцца, як засцерагчы сябе і сваіх блізкіх ад COVID-19, а таксама пра акцыю, што пройдзе 21 мая. Сродкі, якія падчас яе ахвяруюць індывідуальныя прадпрымальнікі горада і на гарадскім рынку, будуць перададзены ў сацыяльны прытулак, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, шматдзетным сем’ям. Старшыня раённай арганізацыі гаворыць, што ўжо сабрана шмат адзення, таму тыя, хто мае татрэбу, могуць звяртацца да яе.

Наогул праграма Месячніка раённай арганізацыі БТЧК прадугледжвае выраб прома-прадукцыі з інфармацыяй пра дзейнасць арганізацыйных структур БТЧК (лістоўкі, банеры, расцяжкі і інш.) для размяшчэння ў грамадскіх месцах, інфармацыйныя кампаніі сярод насельніцтва, дзейнасць па навучанні валанцёраў, прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый, іншых зацікаўленых асоб па папярэджанні распаўсюджвання ўспышкі COVID-19, па псіхасацыяльнай падтрымцы найменш абароненых катэгорый грамадзян ва ўмовах распаўсюджвання хваробы, аказанне дапамогі па дастаўцы рэцэптаў, прадуктаў харчавання, лекаў і тавараў першай неабходнасці, садзейнічанне супрацоўнікам устаноў аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння і інш.

Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская выказвае шчырую падзяку ўсім жыхарам горада і раёна, кіраўнікам прадпрыемстваў, валанцёрам за іх уклад у справу міласэрнасці, за дабрыню, бескарыслівую дапамогу, адказнасць, ініцыятыўнасць, энтузіязм і просіць прыняць актыўны ўдзел у Месячніку Чырвонага Крыжа. Яна гаворыць, што нават самыя сціплыя ахвяраванні ідуць на аказанне дапамогі таму, хто мае ў гэтым гатрэбу: адзінокім пенсіянерам і інвалідам, шматдзетным сем’ям, дзецям-інвалідам і дзецям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Плённая дзейнасць раённай арганізацыі магчыма толькі дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі, а менавіта райвыканкамам, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, цэнтральнай раённай бальніцай, раённым саветам ветэранаў, РЦГіЭ, ТЦСАН. Асаблівую падзяку за падтрымку і дапамогу ў рашэнні праблем старшыня раённай арганізацыі адрасуе начальніку аддзела ідэалагічнай работы Вікенцію Мікалаевічу Адамовічу і галоўнаму ўрачу Валожынскай ЦРБ Паўлу Алегавічу Ганчару.

Раённая арганізацыя БТЧК віншуе ўсіх старшынь і членаў пярвічных арганізацый таварыства, валанцёраў і актывістаў руху з мінулым Сусветным днём Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца і жадае здароўя, міру, шчасця і дабрабыту.

Наш кар.