Навіны мінулага тыдня

Общество

За 6 месяцаў бягучага года супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС зарэгістравалі ў раёне 4810 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Сярод іх 118 выпадкаў кіравання аўтатранспартам у нецвярозым стане, 2124 вадзіцелі перавысілі хуткасны рэжым. Аштрафаваны за стварэнне аварыйных сітуацый на дарогах і 325 пешаходаў.

 

17 членаў каманды ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас” прынялі ўдзел у летняй спартакіядзе работнікаў лясгасаў Мінскай вобласці, якая праходзіла ў Барысаве з 7 па 9 ліпеня. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе ў спаборніцтвах па міні-футболе, шматбор’і, перацягванні каната, гіравым спорце і настольным тэнісе.

75 работнікаў РУП “Валожынскі жылкамунгас” і 14 – Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” пабывалі нядаўна на Браслаўскіх азёрах. У час турыстычнай паездкі яны пазнаёміліся з культурнай спадчынай Браслава, падняліся на гару Маяк – самую высокую кропку мясцовасці. Незабыўныя ўражанні пакінула і вандроўка на кацеры.

У Дзяржынску прайшла абласная атэстацыя работнікаў егерскай службы. Ад нашага раёна свае прафесіянальныя якасці на адзнаку выдатна пацвердзілі шэсць спецыялістаў: паляўнічы і пяць егераў.

2 ліпеня пілігрымы-парафіяне з Валожына, Ракава, Івянца, Вішнева наведалі касцёл у Будславе, што ў Мядзельскім раёне. Яны  прынялі ўдзел  ва ўрачыстым набажэнстве, прысвечаным ушанаванню Маці Божай Будслаўскай.

На працягу дзевяці дзён 35 дзяцей і падлеткаў раёна змаглі адпачыць у палатачным лагеры піянерскага актыву “Лідар” каля вёскі Замасцяны Сакаўшчынскага сельсавета. На гэтым тыдні эстафету адпачынку пераняў другі палатачны лагер турысцка-краязнаўчай скіраванасці “Астравок здароўя”, дзе таксама будуць карысна бавіць свой вольны час 35 школьнікаў.

Спартыўна-патрыятычны лагер для хлопчыкаў “Патрыёт” працуе на базе Цэнтра дзіцячай творчасці з 5 ліпеня. На дзевяць дзён школьнікі апранулі ваенную форму. Тут дзеці вучацца дысцыпліне і самастойнасці, актыўна займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, наведваюць вайсковую часць, ходзяць у кіно, выязджаюць на прыроду і экскурсіі. Для падлеткаў 14-17 гадоў прадоўжыць работу другая змена лагера.



Добавить комментарий