ДЛЯ ЗАПЛЫВАЎ – ЧЫСТЫЯ МЕСЦЫ…

Общество

Згодна з рашэннем райвыканкама, у раёне ёсць 3 афіцыйныя месцы масавага адпачынку насельніцтва на водных аб’ектах: Жоўты бераг каля вёскі Буні, Івянецкае і Валожынскае вадасховішчы. Арганізацыі, за якімі яны замацаваны, – ДВЛГУ “Валожынскі вопытны лясгас”, філіял “Івянецкая ЖКГ” і РУП “Валожынскі жылкамунгас” адпаведна – сочаць за ўпарадкаваннем гэтых месцаў.

У першую чаргу для тых, хто адпачывае на вадаёмах, важны мікрабіялагічны стан вады, бо існуе вялікая рызыка неўпрыкмет “падхапіць” страўнікава-кішачную інфекцыю. Індыкатарны мікраарганізм, па якім супрацоўнікі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вызначаюць прыгоднасць вадаёма для купання, – кішэчная палачка. Яе наяўнасць у складзе вады – рэч звычайная і нармальная. Але да вызначанага ўзроўню. Самім адпачываючым трэба цвёрда памятаць: вадаёмы не прызначаны для піцця. Не варта ў іх таксама мыць агародніну, фрукты.

Калі вы плануеце выехаць адпачыць на адкрыты вадаём, загадзя даведайцеся, ці можна ў ім купацца. Пры цёплым надвор’і забарона купання выносіцца, звычайна, з-за павышанага ўтрымання ў вадзе бактэрый. Ды і пасля ападкаў вада становіцца мутнай, не выключана, што ў ёй “прыжылася” і паспяхова павялічваецца папуляцыя патагенных мікраарганізмаў. У тых вадаёмах, дзе вынесена забарона на купанне, пробы вады адбіраюць штотыдзень. Калі вынік двойчы адпавядае нарматывам, вадаём адкрываюць.

Акунацца ў брудную ваду ці не – асабістая справа кожнага. Ніхто сілай затрымліваць не будзе. І ўсё ж санітарная служба раіць: калі ўжо паплавалі ў “дрэннай” вадзе, абавязкова вымыйцеся з мылам пад душам. А яшчэ лепш, зразумела, знайсці сабе чыстае месца для заплыву.

Мікалай СТРАЛЕЦ, галоўны ўрач ДУ “Валожынскі ЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий