Свет хоча атрымаць адказы на пытанні аб абставінах распаўсюджвання каранавіруса

Безопасность и здоровье Важное

Згодна з інфармацыяй БелТА, больш за 110 краін падтрымалі заклік Аўстраліі правесці незалежнае расследаванне прычын і абставін распаўсюджвання каранавіруса ў свеце.

Як адзначыла міністр замежных спраў Аўстраліі Морыс Пейн, якую цытуе выданне, свет хоча атрымаць адказы на пытанні аб абставінах крызісу, да якога прывяла пандэмія, каб пазбегнуць такіх катастроф у будучым. «Нам неабходна незалежная ацэнка таго, што адбылося, каб увесь свет мог атрымаць урокі і забяспечыць усё неабходнае для абароны сусветнай сістэмы аховы здароўя. Размова ідзе ў першую чаргу аб супрацоўніцтве для папярэджання наступнай пандэміі і забеспячэння бяспекі нашых грамадзян», — сказала кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Аўстраліі.

Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан адзначыў, што расследаванне не ставіць за мэту абвінаваціць якую-небудзь краіну. «Мы проста хочам ведаць, што адбылося, каб гэта больш не паўтарылася. Гэта даволі сумленнае пытанне з сумленным намерам і сумленным матывам», — сказаў кіраўнік кабінета міністраў краіны.

Першапачаткова прапанову падтрымалі ключавыя краіны свету, уключаючы Расію, Вялікабрытанію, Індыю, Інданезію, Канаду, Новую Зеландыю, Японію і ўсе 27 дзяржаў — членаў ЕС. Пазней да закліку далучыўся шэраг афрыканскіх краін, пасля чаго агульная колькасць дзяржаў, якія выступаюць за правядзенне расследавання, дасягнула 116. Чакаецца, што адпаведнае рашэнне краін знойдзе адлюстраванне ў рэзалюцыі 73-й Сусветнай асамблеі аховы здароўя, якая пачнецца ў панядзелак па жэнеўскім часе. У праекце рэзалюцыі, у прыватнасці, змешчана патрабаванне «пачаць у бліжэйшы час  паэтапны працэс бесстаронняй, незалежнай і ўсёабдымнай ацэнкі» міжнародных мер у барацьбе з пандэміяй і дзеянняў СААЗ у гэтай сітуацыі.-