Выйсці на 7-тысячны рубеж

Аграрный сектор и промышленность Главное

Такую планку ставяць перад сабой бабровіцкія жывёлаводы.

Апошнія месяцы СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, якое ўзначальвае Юрый Бяляўскі, упэўнена трымае лідарства ў раёне па вытворчасці малака: па стане на 15 мая валавы надой на адну карову з пачатку месяца тут склаў 351,75 тоны, сярэдні надой на карову – 20,10 кілаграма. Таварнасць малака – 90,7 працэнта. У гонар сельгасупраўлення ўзняты і сцяг працоўнай славы на раённай Дошцы гонару. Выйсці на вялікае малако сельгасвытворцы змаглі ў першую чаргу дзякуючы прыцягненню кваліфікаваных кадраў, а ў другую – дакладнай і мэтанакіраванай рабоце ў гэтым плане. А кіруе ўсім працэсам малады, энергічны і дальнабачны намеснік дырэктара сельгасупраўлення па жывёлагадоўлі Канстанцін ПУЧКО (на здымку).

На пасадзе К. Пучко ўсяго паўгода: пераехаў сюды са Шчучынскага раёна па запрашэнні кіраўніка бабровіцкай гаспадаркі, свайго земляка. У 2014 годзе скончыў біятэхналагічны факультэт Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Дагэтуль працаваў на ААТ “Шчучын-аграпрадукт”. Калі запыталася ў яго пра крыніцы поспеху, расклаў, як на экзамене, усё па пунктах.

– Выхад на паказчыкі стаў магчымым дзякуючы арганізацыі дыферэнцыраванага кармлення паміж фермамі і рознымі тэхналагічнымі групамі, – расказвае Канстанцін Міхайлавіч, – карэкціроўцы рацыёнаў кармлення і сартаванню жывёлы па фізіялагічным стане. Немалаважную ролю адыграла матэрыяльнае стымуляванне кадраў за захаванне тэхналагічнага рэгламенту. Зараз жывёла атрымлівае 60 працэнтаў сенажу і 40 – сіласу, ад 300 да 330 грамаў канцэнтратаў на літр малака на адну галаву ў суткі, пачынаем дабаўляць зялёныя кармы.

На момант майго прыходу ў сельгасупраўленні не хапала кадраў: амаль што адсутнічала ветэрынарная служба – для вырашэння пытанняў прыцягвалі пабочныя арганізацыі. Зараз укамплектаванне штату ветэрынарнымі спецыялістамі складае 101 працэнт, але гэта толькі на карысць вытворчасці, бо ёсць здаровая канкурэнцыя, магчымасць своечасова лячыць кароў і цялят.

Для запаўнення прабелаў недаатрыманага прыплоду за мінулы год набылі малады дойны статак: 22 галавы прывезлі з СВУ “Пратасаўшчына” УП “Гроднааблгаз” і 20 – з ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта”. Закупілі цялушак для далейшага вырошчвання і асемянення – усяго 88 галоў з кастрычніка 2019 года і па сённяшні дзень. У перспектыве – выхад па малацэ на 7-тысячны рубеж (летась паказчык складаў 6340 кілаграмаў). Для гэтага створаны ўсе ўмовы, ды і кіраўнік дзяржавы паставіў планку – не менш за 7 тысяч кілаграмаў малака ад адной каровы. Таму адступаць няма куды. Таксама плануем узвесці цэх раздою правяраемых пяршачак. Для прыцягнення маладых спецыялістаў – будаўніцтва жылля.

У сельгасупраўленні налічваецца 1250 галоў дойнага статка. Пашавае ўтрыманне распачалі 24 красавіка: на траву выйшлі 200 кароў МТФ “Капусціна”, пасуць днём, але праз тыдзень, па словах Канстанціна Міхайлавіча, перавядуць толькі на начны выпас – каб пазбегнуць спёкі і панесці як мага меншыя страты па малацэ, удзень скаціна будзе стаяць у кароўніку. На кругласутачнай пашы зараз знаходзяцца каровы ў запуску. Для эканоміі сродкаў сабралі жывёлу на адно поле з дзвюх фермаў, непадалёк будуць рабіць на полі раскол для наступнай вакцынацыі і правядзення ветэрынарных і іншых неабходных мерапрыемстваў.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА