ПАНУЕ ПАРАДАК І ЧЫСЦІНЯ

Общество

Некаторыя вяскоўцы і гараджане, перад тым, як добраўпарадкаваць свае сядзібы, уважліва вывучаюць спецыяльныя каталогі, знаёмяцца са зместам часопісаў, шукаюць аптымальныя варыянты ў Інтэрнэце. Мы б параілі ім наведацца ў Івянец, прайсціся каля прыватных дамоў руплівых гаспадароў гэтага мястэчка. Шмат карыснага можна пачарпнуць!

І ля даўнейшых жылых збудаванняў, і ля сучасных катэджаў пануе парадак і чысціня. Звыклыя грады з буракамі і цыбуляй тут даўно саступілі месца акуратным газонам, альтанкам рознай архітэктурнай формы, скульптурным кампазіцыям з дрэва і каменя,  кашпо разнастайнай формы, дэкаратыўным агароджам. У палісадніках прапісаліся шырока распаўсюджаныя і рэдкія кусты ружаў, радуюць прахожых пярэстыя кветкі і на фасадах дамоў, на клумбах. Усяго таго, што адразу кідаецца ў вочы, не пералічыць…

Наш няштатны фотакарэспандэнт Ігар ЛЯВІНСКІ спецыяльна з фотакамерай прайшоўся па вуліцах роднага Івянца. Гэты рэпартаж адлюстроўвае стан тэрыторый вакол дамоў, якія знаходзяцца на Палявой, 14, Стаўбцоўскай, 25 і 33, на вуліцы Фрунзэ, 12, 1 Мая, 86, Лясной, 10.

Многія ўзорныя сядзібы гарпасёлка ўжо былі прадстаўлены на своеасаблівым парадзе прыгажосці на старонках раённай газеты, таму сёння прапануюцца новыя адрасы добраўпарадкавання, чысціні, усталявання высокай санітарнай і эстэтычнай культуры.

Рэдакцыя плануе і ў далейшым прапагандаваць руплівасць і старанне ўладальнікаў узорных сядзіб. Але з пазіцыі прынцыповасці мы будзем падыходзіць і да тых гараджан, вясцоўцаў, якія грэбуюць правіламі ўтрымання прыдамавых тэрыторый. На жаль, ёсць такія і ў Івянцы. Але гэта ўжо іншая тэма…

 



Добавить комментарий