Кожны дзень ставіць новыя задачы

Важное Общество

Калі стыхійна ўтварылася група “Дапамога медыкам Валожына”, ніхто не ведаў і не мог сказаць дакладна, колькі часу спатрэбіцца дапамога і якая канкрэтна. А, між тым, група дзейнічае ўжо другі месяц. Шмат зроблена дзеля таго, каб персанал нашай райбальніцы і ў першую чаргу інфекцыйнага шпіталю, які разгорнуты на яе базе, працаваў у больш-менш камфортных умовах, калі можна так сказаць, адчуваў падтрымку землякоў. У радах групы больш за 1360 чалавек. І гэта не толькі жыхары нашага раёна, але і мінчане, людзі з іншых рэгіёнаў Беларусі, чые родныя апынуліся сярод пацыентаў шпіталю.

За гэты час, так бы мовіць, ад групы адгалінаваліся яшчэ дзве: “Івянец разам” і “Шыем для ўрачоў Валожына”. Іх назвы гавораць самі за сябе.

Сёння мне хочацца больш падрабязна расказаць пра мужных дзяўчат і жанчын, якія дабравольна ўзяліся ў дамашніх умовах шыць спецкамбінезоны, ахоўныя маскі, бахілы для медыцынскага персаналу. На маскі паступіў заказ ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 135 касцюмаў швачкі шыюць для супрацоўнікаў бальніцы: 115 з іх будуць перададзены ў Валожын, а 20 камплектаў – у Івянецкую бальніцу. Тканіну і фурнітуру для пашыву спярша закупілі супрацоўнікі адной з мінскіх айці-кампаній, потым забяспечыў невядомы спонсар з Брэста. У Кобрыне (Брэсцкая вобласць) зрабілі крой, які затым паступіў у Валожын. Нашы жанчыны шыюць у вольны ад работы, сям’і час, часта па вечарах і нават начамі. Увогуле, мала хто з іх мае спецыяльную адукацыю, многім давялося ўспомніць навыкі, атрыманыя ў школьныя гады ў вучэбных камбінатах. Трэба адзначыць, што справа гэта нялёгкая і няпростая, выходзяць са строю бытавыя машынкі. Тады свае паслугі прапанавала гаспадыня швейнай майстэрні “Шывок” (“Стежок”) Наталля Зялкоўская, якая таксама ўзялася за высакародную справу і ўсім жадаючым прапанавала рабочыя месцы.

У групе 18 чалавек, яны адгукнуліся на просьбу нашых валанцёраў узяцца за пашыў спецадзення. Рэальна да работы прыступілі 11 чалавек. Але добра, што ёсць людзі ў запасе. З’явілася і свая стаханаўка (хто яшчэ памятае такога героя). Гэта Таццяна Аноп, якая за суткі паспявае пашыць 20 камплектаў. Значны ўклад уносяць Святлана Бубневіч, Наталля Кузаўлёва, Алена Жданюк і яе маці Раіса Лявонаўна, Анастасія Донь-Шынайка, Жанна Марчук і іншыя. Выбачайце, калі каго не назвала. Вы ж працуеце не дзеля славы, а проста бескарысна робіце добрую справу.

Яшчэ адзін спонсар закупіў тканіну для пашыву 200 ахоўных камплектаў для Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Іх пашывам таксама зоймуцца валожынскія швачкі. А 100 пар бахілаў ракаўчане ўзяліся пашыць сваімі сіламі.

Як сказана вышэй, на пашыў дадзенай спецвопраткі для медыкаў не патрачана ні рубля з ахвяраваных людскіх грошай. А вось на мінулым тыдні валанцёры ўпершыню закупілі 60 квадратных метраў спанбонду для пашыву масак. Шыць іх будуць у сельскагаспадарчым ліцэі. Затым маскі раздадуць хворым ва ўсіх аддзяленнях нашай бальніцы.Будуць бясплатна прапаноўваць наведвальнікам рынку.

*      *      *

У Валожынскім ліцэі ёсць групы, дзе рыхтуюць будучых швачак. Навучэнкі першага і другога курсаў разам з майстрамі вытворчага навучання Аленай Юр’еўнай Карповіч і Вольгай Уладзіміраўнай Язубчык і выкладчыцай спецдысцыплін Вольгай Вікенцьўнай Жылевіч выканалі заказ тэрытарыяльнага цэнтра на пашыў 430 масак. Так што пэўны вопыт для далейшай работы ў іх ёсць. Выкладчыцы Валянціна Валянцінаўна Рафаловіч, Ала Аляксандраўна Яфімчык і юрысконсульт Таццяна Мікалаеўна Біліда пашылі каля 200 масак для патрэб сваёй установы.

*      *      *

Кожны новы дзень ставіць перад валанцёрамі новыя задачы. 14 мая шукалі сродкі на набыццё масак з найвышэйшай на сённяшні дзень ступенню абароны з фільтрамі. Кошт іх немалы – 300 рублёў кожная. І сабраных грошай на той момант не хапала. Пасля звароту да групы неабходная сума паступіла за лічаныя гадзіны. Дзякуй усім нам! Грошы пералічылі і чакаюць тры маскі, якія паступяць на пошту. Крыху раней набылі дзве. Гэтага пакуль дастаткова тым, хто працуе ў зменах.
15 мая пачалі з пошуку закрытых ахоўных акуляраў з непрамой вентыляцыяй. І ніхто не ведае, што рыхтуе ўсім нам чарговы дзень. А таму давайце выконваць ахоўныя меры, насіць маскі, пальчаткі, карыстацца дэзынфікуючымі сродкамі, каб у нашых медыкаў было менш праблем. Беражонага, як кажуць, і Бог беражэ. Будзем усе здаровыя – 36,6!

Наталля ШТЭЙНЕР